На днях чэшскія СМІ паведамілі, што Orlen Unipetrol, мясцовая даччыная кампанія польскага паліўнага канцэрну Orlen, увяла забарону на ўезд на свае нафтаперапрацоўчыя заводы аўтамабіляў, вырабленых у Кітаі.
Раней падобная забарона была ўведзеная ў горадзе Плоцк, які знаходзіцца ў 100 км ад Варшавы і зʼяўляецца цэнтрам польскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці. Забароны ўведзеныя таксама на іншых стратэгічных абʼектах канцэрну ў Польшчы. Так, на аўтамабілях, вырабленых у КНР, нельга ўязджаць на Гданьскі нафтаперапрацоўчы завод і на тэрыторыю чыгуначнага прадпрыемства Orlen Koleje. У Чэхіі забарона распаўсюджваецца на некалькі НПЗ.
Мэта абмежаванняў — павысіць узровень абароны крытычна важнай інфраструктуры і забяспечыць бяспеку інфармацыі, якая мае стратэгічнае значэнне.
Раней, у сярэдзіне лютага, Войска Польскае забараніла ўезд на кітайскіх аўто на свае абʼекты. Гэта стала вынікам аналізу рызык, звязаных з усё большай інтэграцыяй лічбавых сістэм у транспартныя сродкі і магчымымі спробамі шпіянажу.
Акрамя таго, абмежаванні, уведзеныя ў войску, распаўсюджваюцца не толькі на аўтамабілі, вырабленыя ў Кітаі, але і на іншыя аўтамабілі, абсталяваныя ўбудаванымі або дадатковымі прыладамі, якія дазваляюць запісваць лакацыю, выяву або гук.
вс