Менш чым за паўтары гадзіны да заканчэння тэрміну амерыканскага ўльтыматуму аб адкрыцці Армузскай пратокі прэзідэнт ЗША абвясціў аб двухтыднёвым спыненні агню ў канфлікце з Іранам. Рашэнне было прынята пры ўмове «поўнага, неадкладнага і бяспечнага» аднаўлення суднаходства па стратэгічным маршруце транспарту нафты.
Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон атрымаў ад Тэгерана прапанову з 10 пунктаў, якую ён лічыць «рэальнай асновай для перамоваў».
10 пунктаў Ірана – умовы для трывалага міру
Міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы заявіў аб гатоўнасці да перамоваў пры ўмове спынення нападаў. Двухтыднёвае спыненне баявых дзеянняў прызначанае для таго, каб дапрацаваць дэталі пагаднення. Чаго канкрэтна датычыць план Тэгерана?
Паводле іранскіх дзяржаўных СМІ, на якія спасылаецца Rzeczpospolita, гаворка ідзе пра:
1) Поўнае спыненне ваенных дзеянняў у Іраку, Ліване і Емене;
2) Бестэрміновае і пастаяннае спыненне вайны супраць Ірана;
3) Поўнае спыненне ўсіх канфліктаў у рэгіёне;
4) Адкрыццё Армузскай пратокі;
5) Устанаўленне правілаў, якія гарантуюць бяспеку і свабоду суднаходства;
6) Поўная кампенсацыя шкодаў нанесеных Ірану;
7) Поўнае зняцце санкцый супраць Ірана;
8) Вызваленне іранскіх актываў, замарожаных у ЗША;
9) Адмова Ірана ад ядзернай зброі;
10) Неадкладнае спыненне агню пасля прыняцця вышэйзгаданых умоў;
Аднак у некаторых паведамленнях згадваецца альтэрнатыўная версія аднаго з пунктаў, то бок замест кампенсацыі Іран будзе спаганяць аплату ў памеры 2 мільёнаў долараў за кожнае судна, якое праходзіць праз Армузскую пратоку, і дзяліцца прыбыткам з Аманам.
ЗША таксама маюць прапанову
Чакаецца, што перамовы будуць грунтавацца таксама на плане з 15 пунктаў, які раней ЗША прадставілі іранскаму боку праз Пакістан. Ён прадугледжвае, сярод іншага, аднамесячнае спыненне агню і адкрыццё Армузскай пратокі, поўнае спыненне ядзернай праграмы Ірана (уключна з дэмантажам канкрэтнай інфраструктуры), забарону на ўзбагачэнне ўрану і перадачу яго запасаў МАГАТЭ, спыненне падтрымкі такіх арганізацый, як «Хезбала» і «Хамас», а таксама скарачэнне ракетнай праграмы Ірана.
Узамен Вашынгтон падтрымае зняцце санкцый і грамадзянскую ядзерную энергетычную праграму Ірана.
Вырашальныя перамовы павінны адбыцца ў Ісламабадзе, дзе запланаваныя прамыя сустрэчы паміж дэлегацыямі абедзвюх краін. Іх вынік вызначыць, ці цяперашняе спыненне агню пераўтворыцца ў трывалы мір.
І Тэгеран, і Вашынгтон прадстаўляюць падзеі як асабістую перамогу.
Ізраіль рэагуе на перамір'е: заява Тэль-Авіва
Між тым, у заяве, апублікаванай раніцай 8 красавіка, прэмʼер Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў пра сваю падтрымку рашэння Дональда Трампа прыпыніць авіяўдары па Іране на два тыдні. Аднак у ізраільскім дакуменце ўдакладняецца, што спыненне агню мае тэрытарыяльны характар і не распаўсюджваецца на Ліван, дзе Ізраіль мае намер працягваць аперацыі супраць «Хезбалы«, у тым ліку пашыраную наземную аперацыю і авіяўдары па Бейруце, паведамляе Fakt. Для Нетаньяху прыярытэтам застаецца поўная нейтралізацыя ракетнага патэнцыялу «Хезбалы», таму ізраільская армія не мае намеру спыняць агонь на паўночным фронце.
— Пагадненне аб спыненні агню з Іранам уступіць у сілу адразу пасля таго, як Іран адкрые Армузскую пратоку і спыніць усе напады на ЗША, Ізраіль і краіны рэгіёну, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве адміністрацыі прэмʼер Ізраіля.
І тут узнікае праблема, бо прэмʼер Пакістана Шахбаз Шарыф, які выступіў пасярэднікам у перамовах, абвясціў, што спыненне агню распаўсюджваецца «усюды, у тым ліку ў Ліване».
аз