Беларуская Служба

Перамір’е паміж Іранам і ЗША. Мы назіраем за спробай усіх бакоў канфлікту выйсці з яго з захаваннем твару — эксперт

08.04.2026 11:27
Пакуль што аб'яўлена двухтыднёвае перамір'е.
Аўдыё
   .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. PAP/EPA/YURI GRIPAS / POOL

У аўторак, 7 красавіка, Дональд Трамп паставіў Ірану чарговы ўльтыматум, які закончыўся ноччу паводле еўрапейскага часу. Прэзідэнт ЗША пагражаў сцерці ўсю цывілізацыю. Ён заявіў, што ЗША могуць знішчыць Іран за адну ноч. На шчасце, нам не прыйшлося назіраць за гэтымі падзеямі, паколькі раніцай, 8 красавіка бакі панізілі градус эскалацыі і стала вядома пра двухтыднёвае перамір'е.  

Не да канца зразумела, што меў на ўвазе прэзідэнт ЗША, калі паставіў Ірану ўльтыматум і пагражаў знішчыць яго за адну ноч. Гэта магчыма было б зрабіць толькі масіраваным ядзерным ударам. Але вядома, што гэта не першая пагроза з вуснаў Дональда Трампа, таму мала хто верыў, што ён стрымае сваё слова, аднак трывога заставалася. У апошнюю хвіліну, перад канцом ультыматуму, стала вядома, што бакам удалося дагаварыцца. Раней Іран адхіляў прапанову Белага дома, перададзеную праз Пакістан, аб спыненні баявых дзеянняў, каб пазней дамаўляцца пра мір, заявіўшы аб неабходнасці спыніць вайну на пастаяннай аснове. Таксама Тэгеран адмаўляўся адкрыць Армузскую пратоку для суднаходства. Цяпер ён згадзіўся адкрыць Армуз.

Пакуль што аб'яўлена двухтыднёвае перамір'е. Мірныя перамовы павінны пачацца яшчэ на гэтым тыдні. Пры гэтым, Ізраіль працягвае масіраваныя ўдары па Іране, таксама іранскія ракеты гэтай ноччу ляцелі на Ізраіль.

— Самым складаным будзе кантроль над тым, каб бакі канфлікту сапраўды спынілі агонь на працягу бліжэйшых двух тыдняў, — адзначыў дыпламат, былы віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Анджэй Бырт (Andrzej Byrt). — Гэта складанае пытанне, цяжка знайсці пункты паразумення. Няма сумненняў, што на працягу бліжэйшых двух тыдняў мы будзем сведкамі шматлікіх падзей, якія стануць вынікам таго, што гэты працэс не заўсёды ўдасца трымаць пад кантролем.  

Рынкі адразу адрэагавалі на інфармацыю аб перамір'і. Цана сырой нафты ў ЗША ўпала на звыш дзесяці долараў за барэль. Сітуацыя яшчэ далёка не стабільная, але інтэнсіўнасць руху ў Армузскай пратоцы яшчэ перад навінамі пра перамір'е дасягнула самага высокага ўзроўню за апошнія тыдні. Гэта адбылося дзякуючы таму, што шэраг краін заключылі пагадненне з Іранам напрамую аб бяспечным праходзе. Калі б Армузская пратока стала зноў адкрытай для суднаходства, у тым ліку, перш за ўсё, танкераў, тады можна было б казаць пра пачатак канца крызісу на рынку паліва, у першую чаргу, нафты.

Сам Трамп напісаў у сацсетцы, што цяпер на Блізкім Усходзе могуць настаць «залатыя часы». Ён абяцаў, што ЗША дапамогуць вярнуць свабодны ход суднаў праз Армузскую пратоку, што з'яўляецца адным з важнейшых пунктаў перамір'я.

У трываласці пагаднення аб перамір'і сумняваецца сенатар кіруючай Грамадзянскай кааліцыі, былы кіраўнік МЗС Польшчы Гжэгаж Схэтына (Grzegorz Schetyna). На ягоную думку, гэта толькі пачатак працэсу перамоў.

— Цяжка прадбачыць, што далей будзе адбывацца, як сябе павядуць бакі. Мы чуем самыя розныя заявы краін, якія з'яўляюцца бакамі гэтага канфлікту. Гэта перш за ўсё Іран, ЗША ды Ізраіль. Два тыдні — гэта перыяд, які адведзены, каб прыпыніць баявыя дзеянні, перавесці дух, азірнуцца і быць гатовым да наступнага этапу.

Пры гэтым, Ізраіль заявіў, што бокам перамір’я не з’яўляецца Ліван, і таму ізраільскія атакі на баевікоў «Хезбалы» ў гэтай дзяржаве працягнуцца.

Дональд Трамп не раз дэманстраваў сваю непрадказальнасць, ён вельмі лёгка мяняе погляды і траціць зацікаўленасць нейкай тэматыкай. Таму пакуль што цяжка назваць пагадненне аб спыненні агню з Іранам прарывам, — мяркуе прафесар кафедры міжнародных адносін Беластоцкага ўніверсітэта Даніэль Бацькоўскі (Daniel Boćkowski).

— На маю думку, пакуль што мы назіраем за спробай усіх бакоў канфлікту выйсці з яго з захаваннем твару. Каб кожны з іх мог прадставіць развіццё падзей як сваю перамогу. Беручы пад увагу характар розных лідараў, трэба сказаць, што лёгка не будзе. Але можна спадзявацца, што на гэты раз градус эскалацыі панізіцца, хаця б на нейкі перыяд часу.

— Гэта 100-працэнтная перамога. У гэтым няма ніякіх сумневаў, — заявіў Дональд Трамп у кароткай тэлефоннай размове з агенцтвам AFP. Ён дадаў, што пагадненне стварае трывалую аснову для далейшых перамоў аб доўгатэрміновым пагадненні. Пры гэтым, Тэгеран таксама аб’явіў аб сваёй перамозе.

У апошнія дні Трамп неаднаразова пагражаў атакаваць іранскую інфраструктуру, у тым ліку электрастанцыі, масты і фабрыкі, калі Іран не пойдзе на прымальнае для ЗША ядзернае пагадненне і не адкрые суднаходства ў Армузскай пратоцы. Перамовы аб спыненні канфлікту павінны пачацца ў пятніцу ў сталіцы Пакістана — Ісламабадзе.

На думку экспертаў, Расія, нават без фізічнай прысутнасці ў Іране, фармуе для яго інфармацыйную і аперацыйную аснову, што дазваляе ўплываць на ход канфлікту без прамога ўдзелу. Эфектыўнасць іранскіх ракетных удараў па Ізраілі вырасла з 3% да 27%, паводле дадзеных J.P. Morgan і JINSA. Гэта звязваюць з перадачай Тэгерану дадзеных расійскай разведкі.

IAR/I Pr. PR/нг

ЗША і Іран дамовіліся пра двухтыднёвае перамір’е

08.04.2026 08:14
Дональд Трамп адзначыў, што рашэнне прынята пасля кансультацый з Пакістанам і ў сувязі з тым, што ЗША «выканалі ўсе ваенныя задачы».

Ёсць спыненне агню, але міру няма

08.04.2026 10:00
Ізраіль лічыць, што спыненне агню працуе не ўсюды.