У Венгрыі зараз надыходзіць вырашальны момант: у бліжэйшую нядзелю, 12 красавіка 2026 года, пройдуць парламенцкія выбары. Гэтую кампанію называюць самай канкурэнтнай і непрадказальнай за апошнія 16 гадоў кіравання Віктара Орбана.
Упершыню за доўгі час кіруючая партыя «Фідэс» сутыкаецца з магутным выклікам. Галоўным апанентам Орбана стаў Петэр Мадзьяр і яго партыя «Ціса».
Апазіцыя робіць стаўку на стомленасць грамадства ад доўгага праўлення адной партыі і карупцыйныя скандалы, у той час як Орбан будуе кампанію на абароне суверэнітэту і крытыцы палітыкі ЕС.
Вуліцы венгерскіх гарадоў заклееныя плакатамі з выявамі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен і лідара апазіцыйнай партыі «Ціса» Петэра Мадзьяра. На плакатах лозунгі, накіраваныя супраць Украіны і Еўрапейскага Саюзу. Гэтую карціну дапаўняюць паведамленні ў СМІ, якія ў значнай ступені кантралююцца кіруючай партыяй «Фідэс» прэм'ер-міністра Віктара Орбана. Выснова, якую павінны зрабіць выбаршчыкі, простая: апазіцыя хоча ўцягнуць Венгрыю ў вайну Масквы з Украінай і пазбавіць краіну таннай сыравінай з Расіі. «Ціса» ў адказ маўчыць, у той час як Петэр Мадзьяр спрабуе звярнуць увагу на эканамічныя праблемы ўраду. Як з’явілася такая ідэя кампаніі? Тлумачыць Даніэль Барта з Цэнтра еўраатлантычнай інтэграцыі і дэмакратыі.
– У апазіцыі і ўрада зусім розныя падыходы. Урад мае вельмі дрэнныя эканамічныя вынікі, у галіне адукацыі і аховы здароўя вялікія праблемы. Таму ён павінен засяродзіцца на пытаннях знешняй палітыкі. Гэта сведчыць пра тое, што ў яго ёсць вопыт на міжнароднай арэне і што ён можа вырашаць бягучыя праблемы вайны ва Украіне і на Блізкім Усходзе. Тут дапамогуць добрыя адносіны з прэзідэнтам Трампам, Сі Цзіньпінам і Уладзімірам Пуціным. Вось чаму яны засяроджваюцца на гэтым пытанні і на тым, пра што любяць гаварыць, а менавіта – пра канфлікт ва Украіне. Яны сцвярджаюць, што Украіна некалі нападзе на Венгрыю, што зʼяўляецца абсурдам, але менавіта такім чынам кіруючая партыя будавала свой наратыў на працягу апошніх некалькіх гадоў. Прычым многія іх прыхільнікі лічаць гэта рэальнай пагрозай. Тым часам апазіцыя больш засяроджваецца на ўнутраных праблемах – стане аховы здароўя, адукацыі і эканомікі, якая даўно стаіць у адным месцы. Апазіцыя кажа пра інфляцыю, якая гадамі была самай высокай у Еўрапейскім Саюзе, і пра іншыя правалы цяперашняга ўрада.
Прафесар Ондраш Хетцей з нямецкамоўнага Універсітэту Андрашы ў Будапешце падкрэслівае, што кампанія «Фідэсу» нагадвае геапалітычны семінар. Гэта метад, правераны Віктарам Орбанам, кажа спецыяліст.
– Чатыры гады таму, калі Орбан і «Фідэс» перамагалі на выбарах, ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна. У той час Орбан дасягнуў значнага поспеху, сканцэнтраваўшы апошнія тыдні кампаніі на тэме вайны і паслаўшы выбаршчыкам выразны сігнал: пры «Фідэсе» Венгрыя не будзе ўцягнутая ў гэты канфлікт. Мы ўсе ведаем, што сітуацыя, у якой Венгрыя можа быць уцягнутая ў вайну, нерэальная – нават калі НАТА вырашыць напасці на Расію (чаго ніколі не адбудзецца). Венгрыя надалей мае права заблакаваць кожнае рашэнне Пакту.
Тым не менш, знешнепалітычны пасыл аказаўся надзвычай эфектыўным у той час. Я лічу, што, паколькі ўрад не мае шмат іншых дасягненняў, якімі можа цяпер пахваліцца перад выбаршчыкамі, то ён спрабуе паўтарыць той жа ход. Іх праблема, аднак, у тым, што, на жаль, мы прызвычаіліся да вайны ва Украіне, і цяпер гэта – не навіна на першых палосах газет. Таму я сумняваюся, што ўвага, накіраваная на Украіну і знешнюю палітыку, будзе дастатковай для «Фідэсу».
Маціяш Кохан з праўрадавага штотыднёвіка «Mandiner» у інтэрвʼю Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё гаворыць, што стратэгія Віктара Орбана – найлепшая з магчымых, а ўладам ёсць чым пахваліцца, бо ў кампаніі яны закранаюць самае слабое месца апазіцыйнай «Цісы».
– Кожная выбарчая кампанія, асабліва ўрада, які імкнецца да пераабрання, складаецца з двух ключавых элементаў. Першы – гэта дэманстрацыя ўласных дасягненняў. Гэтая тэма часта паўтараецца ў прамовах прэмʼер-міністра Орбана па ўсёй краіне. Яна таксама зʼяўляецца асновай дзейнасці міністра транспарту і інфраструктуры Янаша Лазара, які арганізуе адкрытыя дыскусійныя форумы для грамадзян. Таму нельга сказаць, што ўрад не праводзіць кампанію, заснаваную на сваіх поспехах.
Аднак другім важным элементам кампаніі зʼяўляюцца адказы апанентам. З пункту гледжання ўрада, самым слабым месцам апазіцыі зʼяўляецца пытанне Украіны. Партыя «Ціса» не змагла эфектыўна спыніць чуткі пра тое, што яна кардынальна зменіць палітыку Венгрыі ў дачыненні да Украіны і прывядзе да раптоўнага адключэння краіны ад танных расійскіх крыніц энергіі. Гэта закіды, якія партыя «Ціса» не можа абвергнуць, у першую чаргу з-за сваёй прыналежнасці да Еўрапейскай народнай партыі.
Дырэктар эканамічнага фонду Oeconomus, беларус Антон Бендаржэўскі, які шмат гадоў жыве ў Венгрыі, падкрэслівае, што маўчанне «Цісы» адносна знешняй палітыкі зʼяўляецца лагічным.
– Яны спрабуюць захапіць частку электарату «Фідэсу». Яны пазіцыянуюць сябе не як левая, а як правая або цэнтра-правая партыя, што адрознівае іх ад папярэдніх апазіцыйных блокаў, такіх як Ферэнц Дзюрчань ці іншыя левыя партыі. Яны абвяшчаюць сябе не левымі, а правымі, імкнучыся звярнуцца да выбаршчыкаў «Фідэсу», якія актуальна не вызначыліся або якія раней галасавалі за кіруючую партыю, але цяпер, напрыклад, па эканамічных прычынах, вагаюцца і не ведаюць, за каго аддаць свой голас.
Верагодна, таму «Ціса» пазбягае адкрытага супрацьстаяння адносна палітыкі «Фідэсу» па выбудоўванні прагматычных адносін з Расіяй, вынікам якіх зʼяўляецца набыццё расійскіх энергарэсурсаў. Калі б яны выразна дыстанцыяваліся ад гэтай дзейнасці або заявілі б аб поўнай падтрымцы ўступлення Украіны ў Еўрапейскі Саюз, яны, хутчэй за ўсё, не змаглі б прыцягнуць выбаршчыкаў, на якіх арыентуюцца. Здаецца, гэта галоўная прычына іх цяперашняй стратэгіі.
Праблема, аднак, заключаецца ў тым, што Венгрыя атрымлівае мала карысці ад добрых адносін з Расіяй. Гэта відавочна ў эканамічных паказчыках. Фактычна, адзіным станоўчым момантам зʼяўляецца схема гандлю нафтай – Будапешт атрымлівае больш танную сыравіну, якую перапрацоўвае на сваіх НПЗ і прадае па рынкавай цане кліентам у іншых краінах. Падатак у памеры 95% працэнтаў ад гэтага даходу ідзе ў венгерскі бюджэт і траціцца на сацыяльныя праграмы ды субсідыі на газ для спажыўцоў. На гэтым эканамічныя выгады канчаюцца.
Аднак ёсць таксама дзве палітычныя або псіхалагічна-палітычныя, прычыны, пра якія Ондраш Хетцей распавядае Польскаму радыё.
– Першая прычына заключаецца ў тым, што нашы кіраўнікі – я маю на ўвазе «Фідэс» і прэмʼер-міністра – глыбока перакананыя і эмацыйна прывязаныя да ідэі новага сусветнага парадку: Еўропа слабее, змагаецца з эканамічнымі і міграцыйнымі праблемамі, пытаннямі бяспекі.
З гэтага пункту гледжання такая невялікая краіна як Венгрыя павінна будаваць новыя, моцныя сувязі з дзяржавамі, якія развіваюцца, такімі як Кітай, Турцыя, азіяцкія краіны і Расія. Да 2022 года Расія разглядалася «Фідэсам» як ключавы член гэтага клуба краін. Пры гэтым Расія застаецца важным эканамічным і энергетычным партнёрам. Я лічу, што пасля аднаўлення міру венгерскія кіраўнікі вернуцца да канцэпцыі Расіі як адной з дзяржаў, якія фармуюць новы сусветны парадак.
Другі, значна больш важны фактар, – гэта эмацыйная дыстанцыя палітыкаў «Фідэсу» ад Еўропы і Захаду. На працягу апошніх 10-15 гадоў партыя пастаянна і рэзка крытыкавалася многімі еўрапейскімі краінамі, Еўрапейскім Саюзам і часам нават Злучанымі Штатамі.
Гэта прывяло да сітуацыі, калі нашы кіраўнікі страцілі эмацыйную раўнавагу. Яны адчуваюць сябе нелюбімымі сваімі традыцыйнымі заходнімі партнёрамі і пастаянна падвяргаюцца крытыцы. І таму ім патрэбныя добрыя адносіны з такімі краінамі, як Турцыя, Расія і Кітай. Гэтыя краіны ніколі не крытыкавалі ўнутраную палітыку «Фідэсу», праблемы з вяршэнствам закону ці карупцыю.
Калі нашы палітыкі едуць у Брусель, яны сутыкаюцца з крытыкай і ізаляцыяй. Аднак, калі яны наведваюць Пекін ці іншыя ўсходнія сталіцы, іх сустракаюць з пашанай і чырвонай дарожкай. Там яны будуюць эканамічнае супрацоўніцтва і падпісваюць дамовы ў атмасферы ўзаемнай павагі.
Ці зменіць апазіцыйная «Ціса» кардынальна знешнюю палітыку Венгрыі ў выпадку сваёй перамогі? Гэта даволі сумнеўна. Яе часта называюць лёгкім «Фідэсам», які будзе мець лепшыя адносіны з Бруселем ці Кіевам, але наўрад ці зробіць паварот на 180 градусаў. Больш змен, верагодна, адбудуцца ва ўнутранай палітыцы, адзначае Сабальч Вёрэш, яшчэ адзін наш суразмоўца з незалежнага партала Válasz Online.
– Знешняя палітыка – гэта самая простая рэч. Пэўны шлях ужо пракладзены. Петэр Мадзьяр паабяцаў, што ў першы тыдзень свайго знаходжання на пасадзе спачатку наведае Варшаву, потым Вену, а потым – Брусель. Гадамі існавала цудоўная традыцыя, калі новаабраныя прэмʼер-міністры Польшчы і Венгрыі спачатку наведвалі сталіцы адзін аднаго. На жаль, гэтая традыцыя была прыпыненая з-за цяперашніх непрадуктыўных польска-венгерскіх адносін. Як чалавек, які глыбока верыць у Цэнтральную Еўропу, я шчыра спадзяюся, што гэтыя адносіны будуць адноўленыя. Той факт, што партыя Дональда Туска і партыя Петэра Мадзьяра належаць да адной фракцыі ў Еўрапейскім парламенце (Еўрапейская народная партыя), безумоўна, паспрыяе гэтаму.
Наша стаўленне да Расіі застаецца адкрытым пытаннем. Ці магчымы паварот на 180 градусаў і як на яго адрэагуе Масква? Мы не ведаем, наколькі глыбокім з’яўляецца цяперашняе расійскае пранікненне ў Венгрыю. Асабіста я схіляюся да тэорыі, што гэта пытанне індывідуальных інтарэсаў некаторых членаў цяперашняга венгерскага кіраўніцтва. Калі яны знікнуць з палітыкі, будзе лягчэй стварыць вобраз Венгрыі як лаяльнай да сваіх партнёраў і сяброў у рэгіёне. Тады нас больш не будуць успрымаць як чужую і ізаляваную дзяржаву ў Еўрапейскім Саюзе і НАТА. Я лічу, што выразная змена знешняй палітыкі – гэта задача, якую новаму апазіцыйнаму ўраду будзе лягчэй за ўсё выканаць.
Хутчэй за ўсё, у знешняй палітыцы адбудуцца далейшыя змены: у Венгрыі ўладу цалкам трымае партыя «Фідэс», таму гэта не змена ўрада, а хутчэй змена ўсёй сістэмы. Ці адбудзецца гэта? Даведаемся 12 красавіка.
Пётр Пагажэльскі/вс
слухайце аўдыёфайл