КДБ прыняло рашэнне аб прызнанні экстрэмісцкім фармаваннем чатаў сваякоў людзей, якія знаходзяцца за кратамі (усяго 22 чаты). У кожнай групе сотні і тысячы ўдзельнікаў, прычым большасць падпісчыкаў не праяўляла актыўнасці. Цяпер яны ўсе пад пагрозай. За ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні, пагроза — нават ад 2 да 6 гадоў калоніі.
9 красавіка сілавікі прыйшлі ў мінскі офіс вядомай архітэктурнай кампаніі ZROBIM architects. Па інфармацыі «Люстэрка» затрыманыя каля 50 чалавек. Прычына цікавасці сілавікоў да кампаніі пакуль невядомая.
Шмат хто не разумее, што ў адну хвіліну можа стаць экстрэмістам, гаворыць палітолаг Павал Усаў.
— У Беларусі ўся краіна — патэнцыйныя экстрэмісты. Што тычыцца чатаў і суполак па-за сістэмай, то ўлада будзе рэагаваць у такіх сітуацыях. Беларусь цяпер перажывае, як я акрэсліваю, перыяд неататалітарызму. Усё, што ва ўладзе выклікае сумнеў, залічваецца ў пагрозы. Лепш рэагаваць загадзя, чым разбірацца з наступствамі. Усё ідзе ў напрамку, каб яшчэ больш дэматываваць людзей ад любой, нават лакальнай актыўнасці.
Тое, што дазволена сёння, заўтра можа быць забаронена, дадае публіцыстка Аксана Колб.
— А ты ўсё роўна ўжо падпадаеш пад артыкул. Такога будзе ўсё больш. Што тычыцца чатаў. Улада шмат гадоў робіць усё, каб як мага менш інфармацыі сыходзіла за краты і з-за кратаў. І людзей хочуць пазбавіць любой інфармацыі, камунікацыі і салідарнасці. Гэта ўсё абсалютна ў логіцы дзеянняў рэжыму. А калі казаць пра працаўнікоў кампаніі ZROBIM architects, то гэта таксама прадказальна. У нас няма ніводнай юрасобы да якой не можна было б прычапіцца. Асабліва зараз, калі ў бюджэце не хапае грошай. Гэта звычайная практыка, калі хапаюць ледзь не ўсё кіраўніцтва і частку супрацоўнікаў. Пасля выпускаюць пад залог. Так адбываецца даўно. Можна чакаць працягу.
Поўнае абмеркаванне пераследу ў Беларусі — у далучаным гукавым файле.
Слухайце таксама меркаванне аб тым, хто на гэтым тыдні пераможца: Трамп ці іранскі рэжым. Аксана Колб і Павал Усаў таксама абмяркоўваюць прапанову Польскай сялянскай партыі забараніць выбарчыя апытанні за тры месяцы да выбараў. Аргументуючы, што гэта апытанні фармуюць погляд выбарцаў. Ці гэта добры ход думак?
слухайце аўдыё