Беларуская Служба

Цэнзура ў ПНР: кантралявалі не толькі кнігі і фільмы, але нават некралогі і этыкеткі на таварах

11.04.2026 14:21
У Польшчы 36 гадоў таму адмянілі цэнзуру, якая існавала ў краіне з 1944 года.
Аўдыё
  • Цэнзура ў ПНР: кантралявалі не толькі кнігі і фільмы, але нават некралогі і этыкеткі на таварах
Чарга за дэфіцытнымі таварамі ў часы ПНРInstytut Pamięci Narodowej

36 гадоў таму, 11 красавіка 1990 года, у Польшчы быў адменены закон аб цэнзуры. Цэнзура ў камуністычнай Польшчы дзейнічала з 1944 года ажно да моманту яе адмены. У 1946 годзе было створанае Галоўнае ўпраўленне кантролю за друкам, публікацыямі і відовішчамі. У 1981 годзе назва ведамства была змененая на Галоўнае ўпраўленне кантролю за публікацыямі і відовішчамі.

Задача цэнзараў заключалася ў тым, каб не прапускаць крамольны, паводле іх, змест у народ. А вось творцы стараліся цэнзуру абысці. Сістэма цэнзуры нагадвала піраміду, гаворыць прафесар Конрад Клейса.

– Цэнзура ў Польскай Народнай Рэспубліцы існавала фактычна з самага пачатку, з 1944 па 1990 год. Вясной 1990 года яна была фармальна скасаваная. Гэта была сістэма, пэўная, я б сказаў, піраміда з рознымі родамі адказнасці за асобныя сферы грамадскага жыцця, таму нельга сказаць, што рашэнні прымаў адзін чалавек. Цэнзура была сістэмай улады. Галоўнае ўпраўленне знаходзілася ў Варшаве, у ваяводскіх гарадах былі аддзяленні. Ва ўпраўленні працавалі адукаваныя людзі з універсітэцкімі дыпломамі, якія мелі здольнасць аналізаваць і інтэрпрэтаваць тэксты.

Кожны тэкст меў быць прадстаўлены цэнзару перад друкам. Калі цэнзар лічыў нешта шкодным для іміджу краіны або сацыялістычнага лагеру, адпаведны раздзел выдаляўся або змяняўся.

Службовае пасведанне цэнзара кракаўскага аддзялення. У рубрыцы «пасада» напісана «дарадчык».  Instytut Pamięci Narodowej 
Службовае пасведанне цэнзара кракаўскага аддзялення. У рубрыцы «пасада» напісана — «дарадчык». Instytut Pamięci Narodowej

Існавалі сакрэтныя інструкцыі для цэнзараў, у якіх гаварылася, пра што нельга пісаць. Яны маглі тычыцца канкрэтных асоб (напрыклад, забарона на згадванне прозвішча пісьменніка-эмігранта), падзей (напрыклад, маўчанне пра Катынь) або эканамічных праблем (для прыкладу, дэфіцыт мяса альбо іншых тавараў у крамах).

Творцы спрабавалі падмануць сістэму, выкарыстоўваючы алегорыю. Здаралася, што дзеянне фільма пераносілася ў далёкія часы або месцы, каб пад выглядам гісторыі паказаць крытыку рэальнасці. Былі тэмы, якія катэгарычна забараняліся. Так, нельга было крытыкаваць сацыялістычную сістэму і ўлады Польскай Народнай Рэспублікі ды Польскай аб'яднанай рабочай партыі. Зразумела, што забаранялася кепска пісаць пра Савецкі Саюз, савецкі ўплыў на палітычнае жыццё ў ПНР або злачынствы Сталіна. Пад цэнзурай былі таксама некаторыя гістарычныя падзеі, напрыклад, агрэсія СССР супраць Польшчы 17 верасня 1939 года або Катынскі расстрэл. Сацыяльныя праблемы таксама былі тэмай табу: забастоўкі, пратэсты і нават стыхійныя бедствы, калі яны маглі выставіць краіну ў дрэнным святле.

Літаратары, кінематаграфісты, тэатральныя акцёры і мастакі ладзілі з цэнзурай своеасаблівую гульню, звяртаючыся да метафар. Найцяжэй даводзілася тым цэнзарам, якія працавалі са словам: нават эзопава мова служыла кодам, які належала правільна расшыфраваць.

Дарэчы, многія ўдзельнікі культурнага жыцця ў ПНР зазначалі, што насуперак распаўсюджанаму меркаванню цэнзары былі людзьмі культурнымі, начытанымі і адукаванымі, выпускнікамі філалагічных факультэтаў ды факультэтаў журналістыкі, а не нейкімі бязмозглымі выканаўцамі загадаў, як часам іх прадстаўляюць сёння.

Дарэчы, цэнзура ў ПНР датычыла не толькі культурнага і грамадскага жыцця: пад кантроль, здаралася, траплялі нават некралогі, этыкеткі тавараў і вулічныя афішы. Але ўсё закончылася 11 красавіка 1990 года, калі ў Польшчы ўжо адбываліся грамадскія, палітычныя і эканамічныя пераўтварэнні, а краіна паступова выходзіла з арбіты савецкага ўплыву.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу