Беларуская Служба

Выхад Малдовы з Садружнасці Незалежных Дзяржаў стаў палітычнай «кропкай над і»

14.04.2026 16:02
Сімвалічнае значэнне значна большае за практычнае.
 .  .
Ілюстрацыйны здымак. Сцяг Малдовы.Фота: Pixabay.com/jorono

Восьмага красавіка 2026 года прэзідэнтка Малдовы Мая Санду (Maia Sandu) падпісала закон аб выхадзе краіны з Садружнасці Незалежных Дзяржаў — нагадвае «Onet». Рашэнне стала важнай вехай у доўгім працэсе паступовага разрыву Кішынёва з постсавецкай прасторай. Хаця фармальна Малдова застанецца членам СНД яшчэ каля года (столькі доўжыцца працэдура выхаду), палітычна гэта ўжо «кропка над і».

Сімвалічнае значэнне кроку значна большае за практычнае. Удзел Малдовы ў СНД і так быў фактычна фармальнасцю. Калі Кішынёў пачаў рух у бок асацыяцыі з ЕС, Масква адказала гандлёвымі эмбарга і міграцыйнымі абмежаваннямі. Гэтыя дзеянні супярэчылі базавым прынцыпам СНД — свабоднаму гандлю і перамяшчэнню. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе Малдова байкатавала актыўнасць у межах арганізацыі, а ў 2023-м пачала юрыдычную працэдуру выхаду.

Крытыкі ў Маскве і прарасійская апазіцыя ў Малдове, у тым ліку былы прэзідэнт Ігар Дадон (Igor Dodon), папярэджваюць пра «эканамічныя наступствы». Аднак факты сведчаць пра іншае. За апошнія два дзесяцігоддзі Малдова істотна скараціла залежнасць ад расійскага рынку. Калі ў пачатку 2000-х у Расію ішло каля паловы малдаўскага экспарту, то ў 2025 годзе — менш за тры адсоткі. У той жа час доля Еўрапейскага саюза перавысіла 66%. Адна толькі Румынія купляе ў Малдовы больш прадукцыі, чым уся Расія.

Падобная трансфармацыя адбылася ў энергетычнай галіне. Да 2021 года краіна цалкам залежала ад расійскага газу і ў значнай ступені — ад электраэнергіі з падкантрольнага Расіі Прыднястроўя. Цяпер Малдова імпартуе газ з Румыніі, сінхранізавала сваю электрасетку з еўрапейскай сістэмай ENTSO-E і павялічыла долю ўласнай энергіі, у тым ліку з абнаўляльных крыніц. Расія страціла галоўныя рычагі энергетычнага ціску.

Змянілася і геаграфія працоўнай міграцыі. Калі раней сотні тысяч малдаван працавалі ў Расіі, то цяпер іх колькасць рэзка скарацілася. Асноўныя грашовыя пераводы паступаюць з краін ЕС, Ізраіля і ЗША, а доля Расіі ў гэтай структуры стала мінімальнай.

нг