Украінскія чыноўнікі падчас мірных перамоваў прапанавалі адміністрацыі ЗША назваць частку Данбаса ў гонар Дональда Трампа. Паводле звестак «The New York Times», верагодна, адмыслова для «Donnyland» былі створаныя мапа і гімн. Мэта — заахвоціць амерыканцаў заняць больш настойлівы падыход да тэрытарыяльных прэтэнзій Расіі.
Паводле газеты, прапанова ўкраінскіх чыноўнікаў адлюстроўвае глабальную рэальнасць, у якой урады «звяртаюцца да мегаламаніі Дональда Трампа», каб атрымаць падтрымку ЗША. У якасці прыкладу «The New York Times» прыводзіць таксама «Форт Трамп» — назву, якая з'явіўся ў 2018 годзе падчас перамоваў аб стварэнні амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы.
— Для Украіны гэтыя намаганні пакуль не далі ніякіх вынікаў. Тэрмін усё яшчэ выкарыстоўваецца ў перамовах, хоць невядома, ці быў ён зафіксаваны ў якіх-небудзь афіцыйных дакументах, — гаворыцца ў артыкуле.
Паводле выдання, украінскія перамоўшчыкі таксама прапанавалі, каб Мірная рада Дональда Трампа «адыграла пэўную ролю ў кіраванні гэтай тэрыторыяй». Аднак, як адзначае газета, пакуль ні Украіна, ні Расія не далучыліся да гэтай ініцыятывы.
Верагодна «Donnyland» павінен быць пераўтвораны ў тэрыторыю, поўнага кантролю над якой не меў бы ніводзін з бакоў. Гэта, у сваю чаргу, павінна быць прадстаўлена як «дасягненне Дональда Трампа».
Варта адзначыць, што ў іншай прапанове адносна будучыні Данбаса пасляваеннае ўрэгуляванне называлася «мадэллю Манака». Як і ў выпадку з «Donnyland», гэтая ідэя тычылася патэнцыйнай паўаўтаномнай міні-дзяржавы, якая мела б статус выключнай эканамічнай зоны.
Між тым, як нагадвае interia.pl, мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік у канцы лютага. Гэта было звязана з адсутнасцю кампрамісу па тэрытарыяльных пытаннях і пачаткам нападаў ЗША і Ізраіля на Іран.
аз