107 гадоў таму польская армія заняла Гродна ў ходзе польска-бальшавіцкай вайны. Гэты факт адметны тым, што ў той час горад на Нёмане быў сядзібай ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам. Урад БНР пераехаў у Гродна 21 снежня 1918 года. Гэты горад стаў часовай сталіцай рэспублікі пасля таго, як Рада БНР і Рада народных міністраў вымушаныя былі пакінуць Мінск і Вільню з-за наступлення бальшавікоў.
Можна задацца пытаннем: чаму менавіта Гродна стаў часовай сталіцай БНР? Справа ў тым, што горад заставаўся пад кантролем нямецкіх войскаў да красавіка 1919 года. А варта памятаць, што кайзераўская Германія не перашкаджала ў працы кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. Акрамя таго, у горадзе існавала моцная беларуская суполка, дзейнічалі дзяржаўныя структуры і вайсковыя місіі. Тут, у Гродне, пачалося таксама фармаванне 1-га беларускага палка, выходзіла газета «Беларусь», працавалі беларускія школы. І менавіта з Гродна накіроўваліся дыпламатычныя місіі БНР, напрыклад, у Берлін. Горад на Нёмане лічыўся сталіцай БНР да верасня 1919 года, пакуль беларускі ўрад не вярнуўся на некалькі месяцаў у Мінск, які тады знаходзіўся пад акупацыяй польскіх войскаў.
Кавалерыйскі атрад БНР у Гродне, 1919 год. Грамадскі набытак.
Нагадаем, польска-бальшавіцкая вайна працягвалася з сакавіка 1919 года да сакавіка 1921 года. Узброены канфлікт адбываўся за кантроль над тэрыторыямі былой Рэчы Паспалітай. Вайна завершылася перамогай Польшчы і падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора, на моцы якога вялікая частка беларускіх этнічных тэрыторый адышла да Польшчы, а ва ўсходняй Беларусі была пазней створаная БССР.
Дык вось, польскія войскі занялі Гродна 27 красавіка 1919 года. Дарэчы, гэта адбылося без сур'ёзнага супраціву, бо нямецкія войскі, якія знаходзіліся ў горадзе пасля Першай сусветнай вайны, пакінулі яго згодна з пагадненнем з польскім бокам. Да красавіка Гродна заставалася пад кантролем нямецкіх войскаў, якія служылі своеасаблівым буферам паміж палякамі і бальшавікамі. Пасля таго, як нямецкі гарнізон пачаў эвакуацыю, польскія падраздзяленні пад камандаваннем генерала Стэфана Маеўскага ўвайшлі ў горад.
Вайсковая камендатур БНР у Гродне, 18 красавіка 1919 года. Грамадскі набытак.
Неўзабаве пасля заняцця горада палякі распусцілі беларускі полк і пачалі выцясняць прадстаўнікоў БНР з адміністрацыйных пасадаў у Гродне, а сам горад стаў важнай стратэгічнай базай Польшчы ў вайне супраць бальшавіцкай Расіі. Горад на Нёмане заставаўся пад польскім кантролем да ліпеня 1920 года, калі яго на кароткі час заняла Чырвоная армія, але пасля Бітвы за Нёман ён зноў вярнуўся ў склад Польшчы.
Беларускія вайскоўцы каля камендатуры ў Гродне. 1919 год. Грамадскі набытак.
Дарэчы, адносіны Польшчы да Беларускай Народнай Рэспублікі былі складанымі і супярэчлівымі: ад афіцыйнага прызнання да тэрытарыяльных спрэчак і палітычнага ціску. Так, у 1919 годзе Польшча прызнала ўрад БНР дэ-факта, а ў Варшаве працавала афіцыйная дыпламатычная місія БНР. Кіраўнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі разглядаў Беларусь як частку будучай федэрацыі Міжморʼя і бачыў у БНР буферную зону супраць бальшавіцкай Расіі.
Кіраўнік дзяржавы Юзэф Пілсудскі ў 1921 годзе з ордэнам Virtuti Militari/Centralne Archiwum Wojskowe
22 красавіка 1919 года Пілсудскі выдаў адозву да жыхароў былой Рэчы Паспалітай, у якой заявіў пра тое, што кожны народ мае права на самастанаўленне. Аднак, нягледзячы на такія запэўніванні польскага кіраўніка, Луцкевіч быў інтэрнаваны ў пачатку верасня 1919 года пасля прыезду з Парыжа ў Варшаву. Ён знаходзіўся пад фактычным арыштам у адной з варшаўскіх гасцініц. Прычым польскія ўлады перашкаджалі яго дыпламатычнай дзейнасці, бо Луцкевіч адстойваў незалежнасць БНР і выступаў супраць польскіх федэралісцкіх планаў.
У лютым 1920 года польскі МЗС афіцыйна адмовіў яму ў выдачы візы для паездкі ў Парыж, дзе працавала дэлегацыя БНР. Знаходзячыся пад інтэрнаваннем, 28 лютага 1920 года Луцкевіч быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады прэмʼер-міністра і перадаць паўнамоцтвы Аркадзю Смолічу.
Від на мост праз Нёман. Гродна, 1938 год. Biblioteka Narodowa.
Паводле гісторыкаў, адносіны паміж кіраўніцтвам Польшчы і ўрадам БНР пагоршыліся з-за прэтэнзій абедзвюх дзяржаў на Вільню і Гродна. БНР накіроўвала ноты пратэсту супраць уключэння гэтых зямель у склад Польшчы. Хоць, з іншага боку, Польшча дапамагала фармаваць беларускія вайсковыя адзінкі, напрыклад, атрады генерала Булак-Балаховіча, для барацьбы з бальшавікамі. А ў 1918-1921 гадах у складзе Войска Польскага існавала 1-я літоўска-беларуская дывізія.
Пасля падпісання дамовы з Расіяй Польшча фактычна спыніла падтрымку незалежнасці БНР, падзяліўшы беларускія землі.
Дарэчы, мала вядомы факт, але бальшавікі згаджаліся аддаць Польшчы больш беларускіх тэрыторый, уключна з Мінскам, аднак палякі не згадзіліся з увагі на тое, што ў краіне пражывала б зашмат прадстаўнікоў нетытульнай нацыі.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
у аўдыёфайле — у тым ліку выказванне прафесара Алега Латышонка пра адносіны Юзэфа Пілсудскага і Станіслава Булак-Балаховіча.