Джулі Дэвіс, выконваючая абавязкі пасла ЗША ў Кіеве, сыходзіць у адстаўку з-за рознагалоссяў з прэзідэнтам Дональдам Трампам і расчаравання яго адсутнасцю падтрымкі для Украіны, паведаміла ў аўторак «Financial Times» са спасылкай на асобы, якім вядомыя кулісы справы.
Дэвіс пакіне сваю пасаду на працягу некалькіх тыдняў, а гэта азначае, што ключавая дыпламатычная місія ЗША застанецца без кіраўніка ў той час, калі Расія рыхтуецца да летняга наступу супраць Украіны, падкрэслівае брытанская штодзёнка. Газета адзначае, што Дэвіс, якая займала згаданую пасаду з траўня мінулага года, сыходзіць па тых жа прычынах, што і яе папярэдніца, пасол ЗША Брыджыт Брынк.
Былы пасол ЗША ў Варшаве Дэніэл Фрыд заявіў у размове з «Financial Times», што Дэвіс, якую ён ведае гадамі, з'яўляецца выдатным дыпламатам і сапраўдным экспертам, і адміністрацыі Трампа «патрэбны такія людзі — усведамляюць яны (прадстаўнікі згаданай адміністрацыі – рэд.) гэта ці не».
Газета адзначае, што падчас абодвух тэрмінаў прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Дональда Трампа дыпламаты, якія займалі пасады паслоў ЗША ў Кіеве, страцілі давер або ўступілі ў канфлікт з яго адміністрацыяй.
У 2019 годзе, пасля абвінавачвання ў «нелаяльнасці», Дональд Трамп адклікаў пасла Мары Ёванавіч, якая пазней стала ключавым сведкам слуханняў у Кангрэсе падчас першага працэсу аб імпічменце супраць прэзідэнта.
Брыджыт Брынк, якая пакінула сваю пасаду ў красавіку 2025 года, заявіла, што выступае супраць ціску Трампа на Кіеў і адначасовых саступак Крамлю. Верагодна, на яе рашэнне паўплывала агрэсіўнае абыходжанне Трампа з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім падчас яго візіту ў Белы дом у лютым 2025 года, пасля чаго ЗША на некалькі тыдняў адмовіліся ад ваеннай дапамогі і разведвальнай падтрымкі Кіеву.
Дзеючыя і былыя амерыканскія дыпламаты ў інтэрвʼю выданню адзначылі, што пры адміністрацыі Трампа тыя, хто мае дачыненне да Украіны, страчваюць давер прэзідэнта, сыходзяць на пенсію, самі звальняюцца з дыпламатычнай службы, альбо іх звальняюць.
«Financial Times» падкрэслівае, што цяперашняя адміністрацыя маргіналізавала Дзяржаўны дэпартамент, а прафесійныя дыпламаты ў многіх місіях былі заменены асобамі, вызначанымі самім прэзідэнтам, такімі як, напрыклад, яго зяць Джарэд Кушнер ці сябра, забудоўшчык Стыў Віткаф, якім было даручана, між іншым, весці мірныя перамовы ў вайне Расіі супраць Украіны.
Толькі 8% амбасадараў Дональда Трампа зʼяўляюцца прафесійнымі дыпламатамі. У снежні яго адміністрацыя адклікала дзясяткі паслоў, сцвярджаючы, што дыпламатычныя місіі ЗША павінны рэалізоўваць палітыку прэзідэнта «Амерыка перш за ўсё», нагадвае газета.
аз