Толькі ў 2024-2025 гадах у краіне было распачата 69 расследаванняў разведвальнай дзейнасці расійскіх і беларускіх спецслужбаў. Гэта столькі ж, колькі і за папярэднія тры дзесяцігоддзі. Быў затрыманы 91 чалавек, падазраваны ў супрацы на расійскія і беларускія спецслужбы, піша партал Onet.
Гэтыя дадзеныя з'яўляюцца часткай апошняй справаздачы Агенцтва ўнутранай бяспекі, падрыхтаванай кіраўніцтвам агенцтва, якая, сярод іншага, тычыцца грамадзянскай контрразведкі.
Аналітыкі ABW адназначна сцвярджаюць: пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Польшча стала арэнай ціхай вайны, якую вядуць замежныя спецслужбы.
Статыстыка, прыведзеная ў справаздачы, пацвярджае гэтую думку. Толькі за 24 месяцы 2024-2025 гадоў у Польшчы было распачата 69 контрразведвальных расследаванняў. Гэта такая ж колькасць, як і за ўсе 32 гады, якія папярэднічалі гэтаму перыяду. Паміж 1991 і 2023 гадамі фіксавалася максімум пяць такіх выпадкаў у год.
Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што расійскія спецслужбы спрабуюць перанесці свой вопыт гібрыдных аперацый, праведзеных ва Украіне да 2022 года, у Польшчу, выкарыстоўваючы падобны метад дзеяння.
Яшчэ адна спецслужба, якая ў цяперашні час разглядае Польшчу як прыярытэт, — гэта беларускія спецслужбы, якія знаходзіцца ў сімбіёзе з Расіяй.
— Беларускія спецслужбы праводзяць масавыя кампаніі па вербаванні на ўласнай тэрыторыі, а затым спрабуюць перакінуць агентаў у Польшчу, — гаворыцца ў справаздачы агенцтва. — Гэтыя мерапрыемствы характарызуюцца рознай ступенню прафесіяналізму. За апошнія два гады мы назіраем павелічэнне рэпрэсіўных дзеянняў, якія здзяйсняюць беларускія супрацоўнікі ў дачыненні да польскіх грамадзян, што становяцца цэллю вербавання (шантаж, прамы прымус).
Асабліва службы цікавяцца польскімі грамадзянамі, якія рэгулярна ездзяць у Беларусь, а таксама пранікненнем у польскую меншасць у Беларусі.
Прыкладам такой дзейнасці зʼяўляецца дзейнасць даўняга супрацоўніка Міністэрства нацыянальнай абароны, які быў затрыманы ў лютым гэтага года, хоць і не Агенцтвам унутранай бяспекі, а Службай ваеннай контрразведкі, і працаваў там з 1990-х гадоў. Ён здзяйсняў шматлікія паездкі ў Беларусь.
— Беларуская разведка, асабліва ваенная, цесна супрацоўнічае са сваімі калегамі ў Расіі. Сімбіёз паміж службамі абедзвюх краін яшчэ больш паглыбіўся з-за расійскага ўварвання ва Украіну і абмежаванай магчымасці праводзіць аперацыі на тэрыторыі Польшчы з традыцыйных пазіцый прыкрыцця, — адзначаюць аналітыкі Агенцтва ўнутранай бяспекі. — Ваенная разведка Рэспублікі Беларусь таксама праводзіць інтэнсіўную разведвальную дзейнасць супраць абʼектаў Узброеных сіл Польшчы і саюзных войскаў, а таксама крытычна важнай інфраструктуры, — дадаюць яны.
Onet/ав