Былы міністр юстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра (Zbigniew Ziobro), які раней уцёк у Венгрыю, выехаў у ЗША, баючыся экстрадыцыі на радзіму. Ці можа гэты крок нашкодзіць рэйтынгам партыі «Права і Справядлівасць»? Значная частка палякаў лічыць, што так, пра што сведчаць вынікі апытання SW Research на замову выдання Onet.
Прадстаўнікі польскага ўрада мяркуюць, што амерыканскія ўлады ўзялі Збігнева Зёбру пад нефармальную абарону. Яшчэ ў выходныя ў кааліцыі панавала перакананне, што амерыканцы не захочуць псаваць адносіны з Варшавай. Таму ад’езд палітыка PiS у ЗША выклікаў шок.
Многія палітыкі, не толькі з урадавай кааліцыі, рэзка крытыкуюць крок былога міністра юстыцыі, а некаторыя сцвярджаюць, што гэта пашкодзіць электаральным пазіцыям «Права і Справядлівасці». Пытанне, якое задалі ўдзельнікам апытання, гучала так: «Ці паўплывае выезд Збігнева Зёбры ў ЗША станоўча ці адмоўна на рэйтынгі партыі “Права і Справядлівасць”?»
Найбольшы працэнт апытаных — 39,1 % — лічыць, што ўся гэтая справа негатыўна паўплывае на падтрымку PiS. 16,9 % апытаных мяркуюць, што выезд былога міністра юстыцыі ў ЗША станоўча адаб’ецца на рэйтынгах яго партыі. Яшчэ 17,5% адказалі, што гэта не паўплывае ніяк. Больш за чвэрць апытаных — 26,4 % — не маюць меркавання па гэтым пытанні.
нг