Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, якім ад нядаўна кіруе Барташ Градэцкі, паведаміла ў суботу на платформе X, што змены ў графіках ратацыі амерыканскіх войскаў звязаныя з рэарганізацыяй ваеннай прысутнасці ЗША ў Еўропе і запланаваным вывадам з Германіі 2-га кавалерыйскага палка ЗША, дыслакаванага ў Вільзеку.
У апублікаванай заяве падкрэсліваецца, што Злучаныя Штаты застаюцца найважнейшым стратэгічным партнёрам Польшчы і — разам з вайскоўцамі і цывільнымі супрацоўнікамі — гарантам бяспекі краіны. Паводле Бюро, колькасць амерыканскіх вайскоўцаў і цывільных супрацоўнікаў войска ЗША ў Польшчы складае каля 10 тыс. чалавек. «Паводле Бюро, паведамленні пра прыпыненне ратацыі і скарачэнне прысутнасці ЗША не датычаць непасрэдна і ў доўгатэрміновай перспектыве Польшчы», — адзначылі ў ведамстве.
Што будзе з дамовай EDCA? Бюро нацбяспекі ўказвае на адсутнасць адназначных дамоўленасцяў з ЗША
Паводле інфармацыі BBN, цяпер працягваецца ратацыя амерыканскіх сіл, якую праводзіць 1-я кавалерыйская дывізія з базы Форт-Худ у Тэхасе. У Польшчу ўжо даставілі больш за 20% запланаванай колькасці вайскоўцаў і каля 70% вайсковай тэхнікі, прадугледжанай для новай змены. У бюро мяркуюць, што пасля вываду з Германіі 2-гі кавалерыйскі полк ЗША мог бы замяніць частку бранятанкавай брыгаднай групы, якую раней планавалі размясціць у Польшчы.
Разам з тым Бюро нацбяспекі Польшчы звярнула ўвагу на адсутнасць выразных дамоўленасцяў адносна змяненняў у Пагадненні аб паглыбленым абаронным супрацоўніцтве (EDCA) ад 2020 года, якое рэгулюе размяшчэнне амерыканскіх войскаў у Польшчы. Паводле Бюро, Міністэрства нацыянальнай абароны не атрымала загадзя інфармацыі пра змены ў графіку перамяшчэння амерыканскіх сіл у Польшчу.
Дыскусія вакол прысутнасці арміі ЗША ў Польшчы. Прэм’ер і кіраўнік Мінабароны супакойваюць
Да паведамленняў у медыя звярнуўся таксама віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Палітык запэўніў, што ніякага рашэння пра скарачэнне прысутнасці ЗША ў Польшчы не прымалася, а польска-амерыканскія адносіны грунтуюцца на «штодзённым супрацоўніцтве, узаемным заангажаванні і даверы».
Раней агенцтва Reuters са спасылкай на ананімных амерыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што Пентагон адмяніў планы ратацыйнай перакідкі каля 4 тысяч вайскоўцаў у Польшчу. У сваю чаргу тэлеканал CNN інфарміраваў, што гэтае рашэнне нібыта з’яўляецца часткай дзеянняў, скіраваных на скарачэнне колькасці амерыканскіх войскаў у Еўропе.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у пятніцу заявіў, што змены маюць лагістычны характар і не паўплываюць на бяспеку Польшчы.
Прысутнасць амерыканскіх войскаў у Еўропе цяпер абмяркоўваюць прадстаўнікі польскага ўрада і вайсковага кіраўніцтва ў Вашынгтоне, Бруселі і Варшаве. Паводле адстаўнога генерала Войска Польскага Багуслава Пацэка, урад Польшчы ў цяперашняй сітуацыі робіць правільныя крокі:
— Гэта вельмі добрая рэакцыя Польшчы — як сустрэча віцэ-прэм’ера Уладзіслава Касіняка-Камыша з кіраўніком Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў, так і візіт намеснікаў міністраў Томчыка і Залеўскага. Менавіта так і трэба рэагаваць. Калі нешта адбываецца, што можа пагражаць нашым інтарэсам, нават калі другі бок кажа, што пагрозы няма, трэба высвятляць, пераконваць і працаваць на карысць Польшчы, бо гэта ў нашых інтарэсах.
Брыгадны генерал у адстаўцы Павел Прушыньскі таксама лічыць, што візіт намеснікаў польскага міністра абароны ў Вашынгтон дапаможа ў перамовах наконт прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы:
— Мы павінны глядзець на перспектыву і будаваць добрыя адносіны не толькі на ўзроўні дэкларацый. Сустрэчы на ўзроўні намеснікаў міністраў — гэта ўжо працоўны фармат. Я гэта вельмі высока ацэньваю і спадзяюся, што нам удасца супакоіць нестабільныя настроі.
Былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Севера нагадаў, што амерыканцы — хоць і складаны партнёр — застаюцца прагматыкамі. Таму, на яго думку, Польшча павінна гаварыць з імі мовай «жорсткіх аргументаў на карысць прысутнасці іх войскаў у нашай краіне».
— Вайсковая мова можа быць перанесеная на палітычны ўзровень і стаць інструментам уплыву. Але такіх інструментаў трэба даць амерыканцам за сталом перамоваў дастаткова, каб яны адчулі сябе перакананымі. Адны толькі рамантычныя згадкі пра стратэгічны саюз і наша жаданне яго захоўваць для амерыканцаў, як бачым, гучаць ужо толькі як настальгічная мелодыя мінулага.
У аўторак, 19 траўня, у штаб-кватэры НАТА ў Бруселі начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага генерал Веслаў Кукула сустракаецца з галоўнакамандуючым Аб'яднаных узброеных сіл НАТА ў Еўропе Алексам Грынкевічам. Перамовы прысвечаныя планам рэарганізацыі амерыканскай ваеннай прысутнасці ў Еўропе.
Паралельна ў Злучаных Штатах перамовы з амерыканскай адміністрацыяй вядуць намеснікі міністра нацыянальнай абароны Павел Залеўскі і Цэзары Томчык.
У сераду, 20 траўня, з кіраўніком Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генералам Дэнам Кейнам у Варшаве сустрэнецца віцэ-прэм’ер і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Тым часам у Бруселі праходзіць нарада кіраўнікоў генеральных штабоў краін НАТА — гэта таксама нагода абмеркаваць амерыканскую вайсковую прысутнасць у Еўропе. Старшыня Ваеннага камітэта НАТА адмірал Джузэпэ Кава Драгоне перад сустрэчай заявіў, што гаворка га сустрэчы пойдзе пра павелічэнне абаронных магчымасцяў і адаптацыю да пагроз:
— І ў вайне, і ў стрымліванні, і ў абароне здольнасць хутчэй разумець сітуацыю, прымаць рашэнні і дзейнічаць усё мацней уплывае на вынік. Марак рамантуе ветразь, калі мора спакойнае. Але ў нашым выпадку спакойнага мора няма. Мы ўжо ў самым цэнтры шторму. Таму наша задача — не проста дзейнічаць хутчэй, а прымаць лепшыя рашэнні, захоўваючы адзінства і стратэгічны курс.
У нарадзе ў штаб-кватэры ў Бруселі ўдзельнічае і кіраўнік польскага Генштаба. Генерал Веслаў Кукула мае абмеркаваць, сярод іншага, з камандуючым сіламі НАТА ў Еўропе пытанні размяшчэння амерыканскіх войскаў на кантыненце. У сустрэчы ўдзельнічае генерал Дэн Кейн — старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША.
Не толькі ЗША
Умацаванне Еўропы — гэта адказ на рэарганізацыю амерыканскай ваеннай прысутнасці. Так французскае Міністэрства замежных спраў пракаментавала Польскаму радыё паведамленні пра магчымае скарачэнне колькасці амерыканскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Еўропе.
Улады Францыі ўжо даўно гавораць пра неабходнасць будавання стратэгічнай аўтаноміі Еўропы. У панядзелак, 18 траўня, перамовы на гэтую тэму ў французскай сталіцы праводзіў, між іншым, віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Каментуючы дзеянні адміністрацыі ЗША, прадстаўнік французскага МЗС Паскаль Канфаврё падкрэсліў актуальнасць канцэпцыі стратэгічнай аўтаноміі, адзначыўшы, што яе падтрымлівае ўсё больш еўрапейскіх дзяржаў:
— Адказам павінна стаць узмацненне ролі еўрапейцаў, умацаванне еўрапейскага крыла НАТА і стварэнне Еўропы, якая ў большай ступені будзе браць адказнасць за ўласны лёс. Суперніцтва паміж Кітаем і Злучанымі Штатамі ўсё больш будзе вызначаць свет у найбліжэйшыя гады. У гэтым кантэксце Еўропа павінна стаць трэцяй сілай.
Прадстаўнік французскага МЗС таксама адзначыў, што Польшча і Францыя працягваюць паглыбляць супрацоўніцтва, асабліва ў сферы бяспекі, але і ў іншых галінах. Адной з іх з’яўляецца культурнае супрацоўніцтва. У панядзелак кіраўнікі МЗС абедзвюх краін урачыста адкрылі абноўлены будынак Польскага інстытута ў Парыжы.
— Гэта паказвае, што культура таксама знаходзіцца ў цэнтры нашага супрацоўніцтва. Калі паглядзець на апошнія дванаццаць месяцаў, бачна, што двухбаковыя адносіны значна паглыбіліся. Я кажу пра дванаццаць месяцаў, бо менавіта ў траўні 2025 года ў Нансі быў падпісаны Дагавор аб паглыбленым супрацоўніцтве і сяброўстве паміж Польшчай і Францыяй, падпісаны ў Нансі.
У апошнія тыдні Польшча і Францыя адзначалі першую гадавіну падпісання пагаднення аб паглыбленым супрацоўніцтве і сяброўстве. З гэтай нагоды ў Гданьску адбыўся міжурадавы саміт, а ў Польшчу з афіцыйным візітам прыязджаў прэзідэнт Эманюэль Макрон.
Адметна, што Польшча і Францыя рыхтуюць сумесныя вайсковыя вучэнні, якія павінны адбыцца летам 2026 года. Пра гэта ў красавіку паведамілі еўрапейскія медыя, назваўшы манеўры важным элементам новага абароннага супрацоўніцтва ў Еўропе.
Вучэнні пройдуць у паўночнай Польшчы, над Балтыйскім морам і на ўсходнім флангу НАТА. Іх галоўнай тэмай стане ядзернае стрымліванне — разгортванне так званага французскага «ядзернага парасона». Гэта новы элемент у вайсковым супрацоўніцтве Варшавы і Парыжа.
У манеўрах возьмуць удзел французскія самалёты Rafale B, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі — гаворка ідзе пра вучэбныя сцэнарыі. Польскія F-16 або F-35 будуць адпрацоўваць выяўленне цэляў і прыкрыццё місій.
Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы ўжо пацвердзіў правядзенне вучэнняў.
Слухайце аўдыё!
эж