90% польскіх кампаній важнымі ў сваёй дзейнасці лічаць тэхналогіі двайнога прызначэння (тэхналогіі, якія магчыма выкарыстоўваць як у войску, так і мірным жыцці). Кампаніі, якія працуюць у галіне штучнага інтэлекту, касмічнай прамысловасці, беспілотных лятальных апаратаў і датчыкаў імкнуцца атрымаць выгаду ад закупак зброі, піша выданне «Rzeczpospolita».
Кампанія Ayming падлічыла, што больш чым палова прамысловых і тэхналагічных кампаній ужо праводзяць або плануюць запусціць даследаванні і распрацоўкі ў галіне двайнога прызначэння на працягу 12-24 месяцаў. Газета паведамляе, што «гаворка ідзе не пра вытворчасць боепрыпасаў або стварэнне выключна ваеннай прадукцыі, а пра грамадзянскія рашэнні, якія можна хутка адаптаваць для абаронных мэт». Гаворка ідзе пра кібербяспеку, штучны інтэлект, перадавыя датчыкі, аўтаномныя сістэмы і касмічныя тэхналогіі. На думку экспертаў, самае важнае – збудаваць такую сістэму, якая дазволіць развіваць інавацыйныя рашэнні, неабходныя дзеля бяспекі дзяржавы, пры дапамозе прыватных кампаній.
Касмічная галіна асабліва важная ў кантэксце тэхналогій двайнога прызначэння. «Гэты сектар у Польшчы набірае абароты, і таму, з камерцыялізацыяй гэтых інавацый, яго роля ў абароне таксама ўмацоўваецца. Неабходна ўлічыць выкарыстанне спадарожнікавых рашэнняў у галіне маніторынгу і нацыянальнай бяспекі», — чытаем у газеце.
На пытанне фірмы Ayming: «Якую ролю будзе адыгрываць двайное прызначэнне ў вашай кампаніі ў бліжэйшыя гады?» 41% кампаній адказалі, што гэта будзе «пастаянны, дадатковы напрамак бізнесу», 27% — што гэта будзе «рэалізацыя асобных праектаў, тэставанне рынку». 24% кампаній палічылі гэта «адным з ключавых напрамкаў росту кампаніі», а 8% выбралі адказ «цяжка сказаць».
нг