Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскі генерал папярэджвае: Самы час ачуняць!

20.05.2026 14:30
Паводле вайскоўца, скарачэнне амерыканскіх войскаў у Еўропе не азначае катастрофы, але гэта апошні сігнал трывогі для Польшчы і ўсёй Еўропы.
Дывізіённы генерал Раман Полькакрыніца: prezydent.pl

 — Мы не можам дзейнічаць кожны сабе і выкарыстоўваць бяспеку, як інструмент палітычнай барацьбы. Сёння час вельмі каштоўны, — папярэджвае генерал Раман Полька.

Былы камандзір польскага спецпадраздзялення GROM на старонцы natemat.pl, рэзка заяўляе, што скарачэнне амерыканскіх войскаў у Еўропе не азначае катастрофы, але гэта апошні сігнал трывогі для Польшчы і ўсёй Еўропы. Трывогі, якую на гэты раз нельга ігнараваць.

Ужо некалькі месяцаў у Еўропе расце занепакоенасць сігналамі, якія паступаюць з Вашынгтона. Дональд Трамп усё часцей падкрэслівае, што Еўропа павінна ўзяць на сябе большую адказнасць за ўласную бяспеку. Нядаўна ён абвясціў пра скарачэнне амерыканскага кантынгенту ў Германіі. На заднім плане згаданых рашэнняў — вайна ва Украіне, напружанасць вакол Тайваня і ўсё большая занепакоенасць тым, што Расія можа захацець праверыць адзінства НАТА.

Генерал Раман Полька выразна кажа: праблема не ў колькасці саміх войскаў, а ў адсутнасці стратэгіі і хаосе ў адносінах з ЗША.

Мы здзіўляем сваіх уласных вайскоўцаў, а не ворага

Паводле слоў былога камандзіра GROM, Польшча прапусціла момант, калі павінна была весці інтэнсіўную ваенную і палітычную дыпламатыю з амерыканцамі.

— Вось так будуюцца саюзы. Вы размаўляеце адзін з адным, падтрымліваеце адносіны і будуеце давер. Тым часам сёння мы знаходзімся ў сітуацыі, калі мы здзіўлены, і ніхто не ведае, што адбываецца. Мы здзіўляем сваіх уласных вайскоўцаў, а не ворага, — кажа генерал Полька.

Дасведчаны ваенны афіцэр таксама адзначае, што скарачэнне амерыканскай прысутнасці ў Еўропе не з'яўляецца шокам для тых, хто сочыць за стратэгіяй ЗША. Вашынгтон раней сігналізаваў, што Кітай і бяспека ў рэгіёне Ціхага акіяна становяцца прыярытэтамі. Навіны пра тое, што ЗША скарачаюць свае вайсковыя сілы на ўсходнім флангу НАТА, зʼявіліся мінулай восенню.

— У Злучаных Штатаў іншыя прыярытэты. Але гэта не значыць, што Еўропа больш не важная. Праблема ў тым, што мы ў Польшчы часта больш занепакоеная ўласнымі спрэчкамі, чым наладжваннем рэальных адносін, — кажа ён.

Еўропа павінна даспець у ваенным плане

Генерал Полька падкрэслівае, што Еўропа занадта доўга лічыла, што амерыканскі ахоўны парасон дадзены ёй назаўсёды. Адчуванне бяспекі — гэта ўжо мінулае. Сёння неабходна будаваць уласны абарончы патэнцыял, уласную прамысловасць і рэальнае стрымліванне. Не дзеля паказухі ці каб дагадзіць выбаршчыкам.

У інтэрвʼю таксама падкрэсліваецца крытыка палітычных спрэчак вакол бяспекі. Паводле слоў вайскоўца, Польшча не можа дазволіць сабе сітуацыю, калі ваенныя і абарончыя пытанні становяцца часткай партызанскай вайны.

— У пытаннях бяспекі не можа быць суперніцтва паміж прэзідэнцкім цэнтрам і ўрадам. Нам патрэбнае супрацоўніцтва і кампетэнтныя людзі, а не толькі палітычна лаяльныя, — падкрэслівае ён.

Генерал Полька падкрэслівае, што ў Польшчы ўсё яшчэ ёсць велізарныя перавагі, якія могуць умацаваць адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Гэта, сярод іншага, развіццё ваеннай інфраструктуры, сэрвісны цэнтр Abrams у Дэмбліне і магчымасць будаўніцтва сучасных трэніровачных палігонаў і цэнтраў. Гэтыя планы зʼяўляюцца часткай больш шырокай стратэгіі, у рамках якой Польшча ўкладвае 10 мільярдаў злотых у абаронную прамысловасць, спадзеючыся на тэхналагічную незалежнасць.

— Недастаткова казаць пра «Форт Трамп». Такі форт проста трэба будаваць. Ваенныя базы — гэта не проста казармы, а поўная база падтрымкі: інфраструктура, навучанне і семʼі салдат. Гэта павінна быць сістэма, — тлумачыць вайсковец.

Ён таксама лічыць, што Польшча можа стаць ключавым цэнтрам падрыхтоўкі НАТА, асабліва дзякуючы вопыту, атрыманаму падчас вайны ва Украіне.

— Усяго за некалькі гадоў украінцы дасягнулі тэхналагічнай рэвалюцыі. Сёння ў іх ёсць перавага над Расіяй у беспілотніках. Мы таксама можам скарыстацца гэтым, але мы павінны перастаць марнаваць час, — падкрэслівае вайсковец. — Сёння найбольшая пагроза — гэта не само скарачэнне колькасці амерыканскіх войскаў, а адсутнасць сумесных дзеянняў, — рэзюмуе генерал Раман Полька на старонцы natemat.pl.

аз