Беларуская Служба

Журналіст-расследавальнік расказвае, як на Захадзе без перашкод дзейнічаюць «Начныя ваўкі»

26.05.2026 16:12
У расследаванні Vot Tak гаворыцца, што «Начныя ваўкі» ў Еўропе не проста арганізуюць мотапрабегі. Яны адкрыта падтрымліваюць расійскую агрэсію, збіраюць сродкі для войска РФ і распаўсюджваюць пракрамлёўскія наратывы.
Аўдыё
  • Пасля 2022 года польскія «Начныя ваўкі» сталі менш прыкметнымі на вуліцах, але іх дзейнасць не спынілася, - кажа Іван Лысюк
Адзін з рэйдаў расійскакй арганізацыі па краінах Еўропы Фота: Zdjęcie: Ночные Bолки MC Австрия

Расійскія «Начныя ваўкі», якія адкрыта падтрымліваюць вайну супраць Украіны і шмат гадоў звязаныя з Крамлём, нягледзячы на санкцыі, працягваюць дзейнічаць у Еўропе. Філіі пракрамлёўскага байкерскага клуба працуюць у краінах ЕС, арганізуюць акцыі з расійскай і савецкай сімволікай, супрацоўнічаюць з дыпламатамі РФ і збіраюць дапамогу для расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць супраць Украіны. Праект Vot Tak  апублікаваў журналісцкае следства, аўтарства Івана Лысюка, прысвечанае дзейнасці расійскага байкерскага клуба ў Еўропе.

— Калі браць ЕС плюс Швейцарыю, то мы налічылі 13 дзейных аддзяленняў «Начных ваўкоў». А калі ўзяць яшчэ Сербію, Паўночную Македонію ці Чарнагорыю, то гэта ўжо цэлая міжнародная сетка, — кажа Лысюк. Паводле яго, у некаторых краінах клубы нават не хаваюць сваёй сувязі з расійскімі ўладамі.

— Прэзідэнт швейцарскіх  «Начных ваўкоў», швейцарац, атрымаў расійскае грамадзянства паводле ўказу Пуціна. Ён рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях з расійскімі дыпламатамі і нават атрымаў узнагароды ад Міністэрства абароны Расіі, — адзначае журналіст.

У расследаванні Vot Tak гаворыцца, што «Начныя ваўкі» ў Еўропе не проста арганізуюць мотапрабегі. Яны адкрыта падтрымліваюць расійскую агрэсію, збіраюць сродкі для войска РФ і распаўсюджваюць пракрамлёўскія наратывы.

— Гэта несумненна soft power Расіі. Але я б не здзівіўся, калі б аказалася, што яны займаюцца яшчэ і шпіянажам ці перадачай нейкай інфармацыі Расіі, — кажа Іван Лысюк.

Асобнае месца ў расследаванні займае Польшча. Пасля 2022 года польскія «Начныя ваўкі» сталі менш прыкметнымі на вуліцах, але іх дзейнасць не спынілася.

— У Польшчы яны афіцыйна не зарэгістраваныя, але і не забароненыя. І цяпер іхны лідар — Дар'юш Качмарчык знайшоў сябе ў іншай ролі — як прапагандыст, — адзначае журналіст, — Качмарчык рэгулярна з’яўляецца на YouTube-канале Wbrew Cenzurze, звязаным з прарасійскім польскім палітыкам Матэвушам Піскорскім, якога ў Польшчы абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расіі і Кітая. У эфірах кіраўнік польскіх «ваўкоў» паўтарае асноўныя тэзісы расійскай прапаганды — ад «нацызму» ва Украіне да апраўдання дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Ён казаў, што Пуцін заслугоўвае міжнароднай узнагароды за тое, што нібыта ратаваў украінскіх дзяцей, — распавядае Лысюк і задаецца рытарычным пытаннем, чаму польскія спецслужбы дагэтуль дазваляюць весці такую дзейнасць.

Усю размову са следчым журналістам праекта Vot Tak Іванам Лысюком слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж