Беларуская Служба

Польскі дыпламат: Ціханоўская ў Кіеве — важная дэманстрацыя адметнасці Беларусі ад Расіі і моцны ўдар па «рускім міры»

27.05.2026 12:40
«Украіна гатовая працаваць з дэмакратычнай Беларуссю»: галоўнае з візіту Ціханоўскай у Кіеў.
.   . , , 26  2026 .
С. Ціханоўская і Ул. Зяленскі, Кіеў, 26 траўня 2026 г. Фота: https://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya

У аўторак, 26 траўня, лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.  Падчас сустрэчы Зяленскі з іроніяй згадаў словы Аляксандра Лукашэнкі пра сустрэчу «прэзідэнтаў Беларусі і Украіны»: «Сказаў Лукашэнка, а прыехала Святлана Ціханоўская».

У сваім выступе Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы і ўкраінцы супрацьстаяць адной імперскай пагрозе. Яна нагадала пра беларускіх добраахвотнікаў, партызанаў і валанцёраў, якія падтрымліваюць Украіну. Паводле яе, галоўнае, што дэмакратычная Беларусь можа даць Украіне ў будучыні, — гэта бяспека і гарантыя таго, што беларуская тэрыторыя больш ніколі не стане плацдармам для расійскай агрэсіі.

Падчас закрытай сустрэчы бакі абмеркавалі супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, а таксама праблемы легалізацыі беларусаў ва Украіне. Ціханоўская асобна ўзняла пытанне беларускіх добраахвотнікаў, якія з 2022 года застаюцца ў расійскім палоне.

У Кіеве таксама адкрылася Місія беларускіх дэмакратычных сіл ва Украіне. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічала Ціханоўская, а ўкраінскі бок прадстаўлялі намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Перабійніс.

Адкрыццё Місіі стала важным крокам для больш сістэмнага супрацоўніцтва паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Структура будзе займацца падтрымкай беларусаў ва Украіне, супрацоўніцтвам з украінскімі інстытуцыямі, развіццём супольных ініцыятыў і ўмацаваннем беларуска-ўкраінскага дыялогу.

Кіраўніца Місіі Святлана Шаціліна падкрэсліла, што галоўнае — гэта пачатак новага этапу ў адносінах паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі:

— Самае галоўнае цяпер — гэта пачатак дыялогу і палітычная воля. Мы бачым палітычную волю Украіны да таго, каб на інстытуцыйным узроўні па-іншаму ставіцца да беларусаў і да дэмакратычнай Беларусі.

Паводле Шацілінай, працэс патрабуе часу, бо ўкраінскі бок вымушаны ўлічваць і пытанні бяспекі:

— Украіна павінна ўлічваць рызыкі бяспекі, бо з беларускім пашпартам можа быць як прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі, так і звычайны беларус. Таму патрэбныя і час, і адпаведныя адміністрацыйныя рашэнні. Але воля з боку Украіны да змены падыходу ўжо ёсць.

Дзяячка таксама адзначыла, што адкрыццё Місіі стала магчымым дзякуючы палітычнаму рашэнню Кіева:

— Цяпер адкрыўся палітычны шлюз, які дае магчымасць рушыць з месца многія пытанні. Адкрыццё Місіі — гэта ўжо практычны крок. Украіна фактычна кажа: так, мы гатовыя бачыць прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі і працаваць з імі.

Польскі дыпламат і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч лічыць, што сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага мае не толькі сімвалічнае, але і важнае палітычнае значэнне:

— На маю думку, гэта была вельмі важная сустрэча, яшчэ і таму, што Святлана Ціханоўская прадстаўляе дэмакратычную частку Беларусі. Яна мае грамадскі мандат, атрыманы пасля выбараў 2020 года, і таму яе трэба ўспрымаць як чалавека, які прадстаўляе значную частку беларускай грамадскай думкі. У пэўным сэнсе яна выконвае ролю прадстаўніка Беларусі, падобна да таго, як Польшча мела свой урад у выгнанні ў часы халоднай вайны.

Тады гэта таксама было хутчэй сімвалічнае прадстаўніцтва, без рэальнай улады, але мы памятаем, што ў 1990 годзе пасля абрання Леха Валенсы адбылася ўрачыстая перадача прэзідэнцкіх рэгалій ад польскага ўраду ў выгнанні новаму прэзідэнту Польшчы. І ў нейкім сэнсе Ціханоўская сёння імкнецца быць той фігурай, якая ў момант падзення рэжыму Лукашэнкі дапаможа Беларусі перайсці да дэмакратычнага выбару і стварэння новых органаў улады.

Вельмі добра, што прэзідэнт Зяленскі сустрэўся з Ціханоўскай і пачаў дыялог з дэмакратычнай часткай беларускага грамадства. І вельмі важна, што ва Украіне перасталі верыць ва ўсе гэтыя размовы Лукашэнкі пра нібыта нейтралітэт і недатычнасць да вайны. Мы ж выдатна ведаем, што рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў агрэсіі, дапамагае Расіі і фактычна стаў саўдзельнікам гэтай вайны.

Мне здаецца, што гэта таксама своеасаблівы сігнал і ціск на Лукашэнку, каб ён не ўцягваў Беларусь яшчэ глыбей у расійскія ваенныя планы. Мы ведаем, што беларускі бок вельмі актыўна дапамагае расійскай арміі. І хоць мы не валодаем усёй інфармацыяй пра ступень удзелу беларускай арміі, украінскае кіраўніцтва робіць усё, каб нейтралізаваць гэтыя пагрозы.

Беларуская апазіцыя сёння мае што паказаць свету. Яна паказвае іншую Беларусь — сучасную, маладую, дынамічную. Сотні тысяч беларусаў сёння працуюць у Польшчы, Літве і іншых краінах ЕС. Гэта і ёсць будучыня Беларусі.

Вельмі важная роля каманды Ціханоўскай — паказваць адметнасць Беларусі ад Расіі і разбураць стэрэатыпы пра так званы рускі мір. Беларусь — гэта не Расія. Гэта іншая краіна, з іншай культурай, традыцыямі і памкненнямі. І гэтага нельга недаацэньваць.

Міністр замежных спраў Украіны добра сфармуляваў галоўнае: ён бачыць у беларускіх дэмакратычных сілах будучых партнёраў для сур’ёзных палітычных праектаў у рэгіёне. Пакуль гэта яшчэ хутчэй планы і бачанне будучыні, але ўжо цяпер прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі ўдзельнічаюць у міжнародных дыскусіях, сустрэчах і канферэнцыях. І гэта вельмі важны сігнал для ўсёй Еўропы.

эж

Былы амбасадар у Беларусі Марыюш Машкевіч пра (не) бяспеку ў Еўропе: Гэта сутыкненне з рэальнасцю, якое пераўзыходзіць наша ўяўленне

10.10.2025 06:15
Марыюш Машкевіч, дыпламат, грамадскі дзеяч, амбасадар Польшчы ў Беларусі з 1998 да 2002 года, падзяліўся сваім поглядам на будучыню Беларусі і сітуацыю з бяспекай у Еўропе.