Пасля некалькіх гадоў стрыманасці, выкліканай расійскім уварваннем ва Украіну, прадстаўнікі нямецкага бізнесу зноў афіцыйна возьмуць удзел у Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме (SPIEF), які пройдзе з 3 па 6 чэрвеня пад патранатам дыктатара Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе польская версія Deutsche Welle.
Кіраўнік Нямецка-расійскай знешнегандлёвай палаты Маціяс Шэп заявіў, што нямецкія кампаніі хочуць захаваць «эканамічны мост» з Расіяй і абараніць актывы, якія ацэньваюцца больш як у 100 млрд еўра. Паводле яго, Захад не павінен канчаткова пакідаць Расію і яе вялікі рынак азіяцкім краінам, найперш Кітаю.
У так званым дзелавым дыялогу ў Санкт-Пецярбургу возьмуць удзел, між іншым, кіраўнік сельскагаспадарчай групы EkoNiva Штэфан Дзюр і былы кіраўнік сеткі гіпермаркетаў Globus Томас Брух. Паводле звестак палаты, каля 1600 нямецкіх кампаній працягваюць працаваць у Расіі, а іх сумарны абарот летась склаў прыкладна 20 млрд еўра.
Адначасова санкцыі істотна скарацілі двухбаковы гандаль: у 2025 годзе яго аб’ём упаў ніжэй за 10 млрд еўра. Для параўнання, у 2021 годзе тавараабарот паміж Германіяй і Расіяй набліжаўся да 60 млрд еўра.
Апытанне 265 кампаній паказала, што амаль усе яны плануюць заставацца на расійскім рынку. Тры чвэрці ўдзельнікаў задаволеныя развіццём свайго бізнесу ў Расіі, нягледзячы на страты ад санкцый. Большасць таксама лічыць, што абмежаванні адчувальна ўплываюць на расійскую эканоміку.
Асобную ўвагу прыцягвае і ўдзел у форуме шэрагу нямецкіх грамадскіх і палітычных дзеячаў. Сярод іх — старшыня саксонскага аддзялення правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрг Урбан, які таксама з'яўляецца дэпутатам ландтага Саксоніі. Акрамя таго, у Санкт-Пецярбург плануюць прыехаць дырыжор Юстус Франц, журналіст і рэжысёр Губерт Зайпель, а таксама берлінскі выдавец Хольгер Фрыдрых. Іх удзел выклікае дадатковую ўвагу на фоне дыскусій у Германіі пра адносіны з Расіяй і ролю палітычных сіл, якія выступаюць за аднаўленне больш цеснага дыялогу з Масквой.
эж