Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц плануе ўжо ў чэрвені сабраць у Берліне лідараў Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Польшчы, а таксама генеральнага сакратара НАТА Марка Рутэ. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з падрыхтоўкай сустрэчы.
Мэта перамоваў — выпрацаваць агульную еўрапейскую пазіцыю перад ліпеньскім самітам НАТА ў Анкары і прадэманстраваць гатоўнасць Еўропы ўзяць на сябе большую адказнасць за ўласную абарону. Сустрэча таксама павінна дапамагчы знізіць напружанасць у адносінах паміж еўрапейскімі саюзнікамі і Злучанымі Штатамі.
Паводле інфармацыі Bloomberg, Мерц стаў адным з еўрапейскіх лідараў, якія найбольш адкрыта крытыкуюць асобныя рашэнні адміністрацыі Дональда Трампа ў сферы знешняй палітыкі. Асабліва гэта датычыць падыходу Вашынгтона да Ірана. Неўзабаве пасля адной з такіх заяў Пентагон абвясціў пра скасаванне запланаванай ратацыі амерыканскіх войскаў у Еўропе, што закранула і Польшчу. Пазней Трамп заявіў пра намер накіраваць у Польшчу дадаткова пяць тысяч амерыканскіх вайскоўцаў, аднак падрабязнасці гэтага рашэння дагэтуль не раскрываюцца.
Тэма амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Еўропе становіцца ўсё больш актуальнай. Паводле звестак агенцтва Reuters, Вашынгтон ужо найбліжэйшымі днямі можа прадставіць саюзнікам па блоку прапановы аб паскораным скарачэнні часткі амерыканскага кантынгенту на еўрапейскім кантыненце.
Акрамя сустрэчы лідараў «Еўрапейскай пяцёркі», 12 чэрвеня ў Парыжы збяруцца таксама міністры абароны гэтых краін. Яны абмяркуюць каардынацыю пазіцый перад самітам Альянсу і магчымыя змены ў сістэме камандавання ў выпадку маштабнага канфлікту ў Еўропе.
Падрабязней чытайце на партале Forsal.pl.
эж