Заява прагучала на фоне росту напружанасці. За апошнія месяцы Кіеў не раз папярэджваў аб узмацненні ваеннай актыўнасці ў Беларусі і выкарыстанні мясцовай інфраструктуры для падтрымкі расійскай агрэсіі. Аднак падчас свайго выступу ў Гродне кіраўнік Беларусі заявіў, што Мінск не хоча ўцягвацца ў канфлікт ва Украіне. Словы дыктатара цытуе «Forsal».
Лукашэнка звярнуўся таксама да грамадзян краін, якія мяжуюць з Беларуссю, у тым ліку да палякаў.
— Я хачу, каб палякі, літоўцы і ўкраінцы пачулі мяне. Мы не хочам з імі ваяваць. Але мы заўсёды гатовыя вас бараніць, — дадаў ён.
Але не ўдакладніў, каго менавіта ён мае на ўвазе і ад якой пагрозы Беларусь будзе кагосьці бараніць. Як адзначае канал NEXTA, гэта можа быць, з аднаго боку, сігнал Захаду, а з іншага — абяцанне абараніць саму Беларусь ад краін НАТА.
Яшчэ больш цікавымі былі словы, з якіх Лукашэнка пачаў сваю прамову.
— Прыйдзе час, і я раскажу вам, як усё пачалося, — загадкава абвясціў ён, магчыма, пра пачатак расійскага ўварвання ва Украіну.
Украінскі бок уважліва сочыць за сітуацыяй на сваёй паўночнай мяжы. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі рэгулярна паведамляе пра пагрозы, якія ўяўляе ваенная прысутнасць расіян у Беларусі, у тым ліку пра ўстаноўку сістэм наводкі расійскіх беспілотнікаў.
Паводле звестак украінскай разведкі, Кіеў разглядае сцэнарыі, у якіх Крэмль імкнецца цалкам уцягнуць беларускую армію ў вайну або плануе пачаць правакацыю супраць дзяржавы-члена НАТА з тэрыторыі Беларусі. Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга таксама казаў пра рызыку.
З пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Беларусь застаецца адным з бліжэйшых саюзнікаў Крамля. Мінск прадаставіў сваю тэрыторыю для выкарыстання расійскай арміяй і падтрымлівае дзеянні Масквы на многіх узроўнях. У той жа час, Лукашэнка паслядоўна пазбягае адпраўкі беларускіх салдат на вайну супраць Украіны. На думку экспертаў, гэта можа быць звязана з бояззю дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ў Беларусі.
нг