Беларуская Служба

Расіяне заманьваюць беларусаў на вайну

11.06.2026 11:35
Мы маем дачыненне не проста з пошукам рэкрутаў, але і з палітычным уцягванне беларусаў у вайну, папярэджваюць беларускія эксперты.
Аўдыё
  • Рэжым Лукашэнкі талеруе падман і практуку наёмніцтва з боку Расіі на вайну
Расійская рэркутынгавая абвестка для беларусаў і выстава знішчанай расійскай ваеннай тэхнікі ў Кіеве Screenshot z Viber/EPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA.

Расіяне пачалі адкрыта вербаваць беларусаў на вайну. Яны размяшчаюць адмысловыя аб’явы ў сацыяльных сетках, заманьваючы людзей вялікімі грашыма нібыта на службу па кантракту. Беларускія ўлады ігнаруюць дадзеныя практыкі, больш за тое, у краіне замоўчваецца, чым насамрэч канчаецца «служба па кантракту» у Расіі.


. 

Беларусы ваююць на вайне ва Украіне з самага пачатку расійскай агрэсіі. Больш вядома пра беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расійскіх акупантаў. Здараліся выпадкі беларусаў, якія ішлі ваяваць за Расію. Спачатку, гэта былі адзінкавыя гісторыі, у асноўным па ідэалагічных прычынах, кажа в.а. кіраўніка Партыі БНФ у замежжы, былы палітвязень Юрась Меляшкевіч.

— На пачатку вайны расіяне шукалі ў Беларусі вайсковых спецыялістаў, якіх выцягвалі на тэрыторыю Расіі для ўдзелу ў вайне. Такія людзі патраплялі ў палон і давалі інтэрв'ю, дзе распавядалі пра тое, што рэкрутынг адбываўся праз афіцэраў з вайсковых частак. Яны рэкамендавалі ці заахвочвалі далучацца праз палітычныя перакананні, а часам  каб людзі атрымалі вайсковы досвед.

Цяпер сітуацыя змяняецца. Расіяне пачалі адкрыта вербаваць беларусаў на вайну, дадае наш суразмоўца.

— Геаграфія наёмніцтва цяпер шырэйшая, гэтая справа тычыцца ўсёй Беларусі. Да таго ж бачна спецыялізацыю па сацыяльных групах, у якіх вядзецца рэкрутынг ахвотных да ўдзелу ў вайне. Мае сябры, палітвязні, распавядалі, што ў турмах бясконца круціцца расійскае тэлебачанне, дзе ўвесь час гучыць прапаганда ўдзелу ў вайне, распавядаецца, якія выплаты даюць. Для многіх вязняў, якія знаходзяцца ва ўразлівым эканамічным становішчы, адбываецца папулярызацыя найміцтва. Асабліва гэта закранае людзей з падвышанай агрэсіяй і непрыняццем сацыяльнай няроўнасці. Гэта становіцца прыманкай для іх.

У апошнія дні мы атрымалі паведамленні з трох розных месцаў: Маладзечанскага, Мядзельскага і Вілейскага раёнаў, пра тое, што ў мясцовых суполках у Viber, прысвечаных розным побытавым справам: рыбалцы, апецы над жывёламі, прыватным абвесткам, пачаўся распаўсюд інфармацыі пра нібыта «СЛУЖБА ПО КОНТРАКТУ ДЛЯ БЕЛОРУСОВ». Невядомыя запэўніваюць, што анулююць крэдыты ды судзімасці (цікава, хто ў Беларусі даў ім такія паўнамоцтвы), прадставяць жытло і харчаванне, і дадуць афіцыйны кантракт за вялізарныя грошы (мінімум 2700 долараў у месяц). Такія заявы былі і раней, але цяпер іх колькасць павялічылася, кажа рэгіянальны праваабаронца Міхась Крук.

— У нас няма інфармацыі, хто канкрэтна гэтым займаецца. Падобныя абвесткі перыядычна зʼяўляліся і раней, але так шырока не было. Цяпер мы бачым, што пайшоў наплыў. Відаць, сітуацыя на іх СВА не вельмі добрая, сваю мабілізацыю пакуль не рашаюцца аб’явіць, таму пачалі шукаць крыніцы папаўнення сваіх шэрагаў за межамі Расіі.

Аўтары абвестак зазначаюць, што іх прапанова — не наёмніцтва, але яны падманваюць, перакананы Юрась Меляшкевіч.

— Гэта, безумоўна, падман. З іх боку падаецца скажоная інфармацыя. На маю думку, мы маем дачыненне не проста з пошукам рэкрутаў, але і з палітычным уцягваннем беларусаў у вайну, умацаваннем расколу, які можа быць паміж беларускім ды ўкраінскім грамадствам. Гэта зламысная практыка.

Дарэчы, у каментарах беларусы таксама адкрыта папярэджваюць пра падман і патрабуюць выдалення такіх аб’яў, нагадваючы пра незаконнасць і сапраўдную сутнасць.


. .

Сімптаматычна тое, што людзі дасылаюць інфармацыю праваабаронцам, але самі баяцца адкрыта яе публікаваць.

— З аднаго боку, дзякуй Богу, што ёсць непрыманне і крытычная рэакцыя людзей. Трэба мець адвагу, каб рэагаваць такім чынам на падобную інфармацыю. Цяпер у Беларусі за такія каментары можна паплаціцца. Справа ў тым, што тыя сілавікі, якія сёння кіруюць, знаходзяцца пад уплывам Масквы.

Юрась Меляшкевіч перакананы, што сілавікі ў Беларусі пра гэта ведаюць, але не перашкаджаюць рэкруцёрам.

— Былі сігналы пра тое, што гэтаму няма выразнага супраціўлення. Што праўда, і спрыяння няма, але толькі некалькі выпадкаў было, калі расійскіх наймітаў у Беларусі выклікалі на размову ў органы правапарадку. Але няма выразнай палітыкі на пераслед гэтых элементаў. Я думаю, што інфармацыя пра іх збіраецца, але пакарання за ўдзел не практыкуецца. Для кантрасту, дастаткова паглядзець, якая практыка ў Казахстане, дзе зусім іншая даецца ацэнка такім дзеянням. Гэта ўздымае пытанне пра тое, якую палітыку адносна вайны ва Украіне вызнае Лукашэнка. Гэта падкрэслівае яго агрэсіўную і зламысную ролю.

У Беларусі разлік расіян перш за ўсё звязаны з грашыма, менавіта памер заробку падаецца першым радком у абвестцы, кажа Міхась Крук.

— Расіяне ведаюць эканамічную сітуацыю ў Беларусі, асабліва ў раёнах, дзе працы няма, а заробкі вельмі нізкія. Яны лічаць, што знойдуцца гатовыя пайсці зарабляць «крывавыя грошы».

Калі не атрымалася праз ідэалогію, цяпер расіяне разлічваюць заманіць беларусаў грашыма, дадае Юрась Меляшкевіч.

— З таго што я ведаю, з асабістых кантактаў, на жаль, грашовыя стымулы працуюць. Апроч таго, яны падмацаваныя прапагандай, якая робіць людзей уразлівымі. У выніку прапаганда плюс вялікія грошы  гэта тое, што робіць такі выбар лягчэйшым. Я перакананы, што гэта не масавы выбар, але для часткі эканамічна абяздоленых людзей, якіх улады Беларусі сваёй палітыкай заводзяць у тупік, гэта будзе прымальны выбар.

Апроч таго факта, што наёмніцтва ў Беларусі з’яўляецца крымінальным злачынствам, трэба памятаць пра тое, што «служба па кантракту» ў Расіі завяршаецца найчасцей за ўсё ў штурмавых атрадах, дзе час жыцця навабранцаў, асабліва з чужых краін, вымяраецца гадзінамі. Гэта кажуць самі расійскія ваеннапалонныя, сведчанні якіх збіраюць украінцы. Распавядае ваенны аналітык Іван Ступак.

— Стопрацэнтны ўдзел у штурмавых падраздзяленнях і 90% верагоднасць гібелі ў першым штурме. Апошнія лічбы нашага камандавання паказваюць, што са ста чалавек, якія ідуць штурмаваць нашы пазіцыі, толькі дзесяць даходзяць да пазіцый. Вось чым сканчаецца жаданне атрымаць вялікія грошы. Грошы прапануюць шалёныя, але чалавек нават не паспявае іх атрымаць. Мы ведаем, у нас ёсць дадзеныя, што як мінімум 3 тысячы беларусаў ужо ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на баку Расійскай Федэрацыі. Гэта мінімум, пра які мы ведаем. У цэлым мы разумеем, што Расійская Федэрацыя шукае ўсюды: у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы, і зразумела, Беларусь не выключэнне.

Якога стаўлення да беларусаў можна спадзявацца ў расійскім войску?

— Там няма ніякай сентыментальнасці. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны разумець, што калі яны лічаць сябе роўнымі грамадзянам Расіі, то ў войску такога дакладна не будзе. Іх таксама кінуць у падвал, таксама забяруць крэдытныя карты, таксама прымусяць аддаць PIN-коды пад пагрозай абнулення. Абнуленне  гэта расстрэл на месцы. Гэта ў горшым выпадку, у лепшым выпадку  адразу адпраўляюць на штурм. Калі чалавек выжыве, тады зноў на штурм, пакуль не памрэ. Трэба разумець, што там пануе такое стаўленне.

Расіяне пачалі размяшчаць аб’явы ў сацыяльных сетках, заманьваючы беларусаў вялікімі грашыма нібыта на службу па кантракту. Насамрэч за гэтым хаваецца найміцтва на ўдзел у расійскай агрэсіі ва Украіне. Беларускія ўлады не рэагуюць на дадзеныя практыкі, якія адкрыта парушаюць беларускае заканадаўства.

Юры Ліхтаровіч