Беларуская Служба

Newsweek: Сцэнар будучай выбарчай кампаніі ў Польшчы пішацца ў Маскве

18.06.2026 11:18
Міхал Шадкоўскі падкрэслівае, што многія папулярныя абвінавачанні пад адрасам украінцаў у Польшчы не адпавядаюць фактам, бо ўкраінцы больш укладваюць у польскую эканоміку і сістэму сацыяльнага страхавання, чым атрымліваюць дапамогі.
Relacje polsko-ukraińskie. Sympatia słabnie po obu stronachzdjęcie ilustracyjne
Relacje polsko-ukraińskie. Sympatia słabnie po obu stronach/zdjęcie ilustracyjneAnita Walczewska/East News

Галоўны рэдактар польскага тыднёвага выдання Newsweek Міхал Шадкоўскі ў калонцы «Сцэнар, напісаны кірыліцай» папярэджвае, што адной з цэнтральных тэм будучай парламенцкай кампаніі ў Польшчы стане не эканоміка ці сістэма аховы здароўя, а стаўленне да ўкраінцаў.

На думку Шадкоўскага, частка палітыкаў спрабуе ператварыць украінцаў у зручны аб’ект перадвыбарчай барацьбы, выкарыстоўваючы стэрэатыпы і страхі. Аўтар Newsweek звяртае ўвагу на нядаўні скандал з украінскім блогерам, які дэманстратыўна парушыў правілы дарожнага руху і заехаў на бераг возера Марское вока на тэрыторыю Нацыянальнага парку ў Татрах. Маладзён быў дэпартаваны, а справу асабіста каментаваў прэм'ер Дональд Туск. 

Паводле Міхала Шадкоўскага, праз несуразмерна жорсткае пакаранне ў параўнанні з характарам правапарушэння грамадская дыскусія хутка ператварылася ў сігнал украінцам, што іх прысутнасць у Польшчы становіцца ўсё менш жаданай. Пры гэтым гаворка ідзе не пра адзінкавы выпадак. Дастаткова ўзгадаць дэпартацыю грамадзяніна Украіны за незаконны вылаў сома ў адным з варшаўскіх азёр.

Шадкоўскі адзначае, што такая стратэгія можа здавацца выгаднай напярэдадні выбараў, бо сацыялагічныя даследаванні паказваюць рост негатыўнага стаўлення да ўкраінцаў. Аднак публіцыст сумняваецца, што ўрадавая кааліцыя зможа перамагчы ў спаборніцтве за антыўкраінскі электарат з правымі партыямі, для якіх такая антымігранцкая рыторыка больш аўтэнтычная. 

Міхал Шадкоўскі падкрэслівае, што многія папулярныя абвінавачанні пад адрасам украінцаў у Польшчы не адпавядаюць фактам, бо ўкраінцы больш укладваюць у польскую эканоміку і сістэму сацыяльнага страхавання, чым атрымліваюць дапамогі.

У завяршэнне Міхал Шадкоўскі сцвярджае, што найбольш небяспечным у гэтай сітуацыі можа быць не сама міграцыя, а грамадскія канфлікты вакол яе. У калонцы для Newsweek ён папярэджвае: падобны сцэнар можа быць выгадны найперш Маскве, якая зацікаўленая ў паглыбленні падзелаў у польскім грамадстве.

эж