Беларуская Служба

Ці ваенны ўдзел Беларусі адчыняе акно магчымасцей? «Само акно нічога не азначае»

27.06.2026 09:07
Ультыматум Зяленскага спарадзіў пытанне аб тым, ці большы ўдзел Беларусі ў вайне можа адчыніць акно магчымасцяў для перамен.
Аўдыё
  • «Лепш вайну не клікаць у дом»
 ,  ,
Павал Усаў, Аксана Колб, Алена Вялічкафота: Польскае радыё

Любы ўдзел у ваенных дзеяннях — гэта кепска, кажа публіцыстка Аксана Колб.

 Прычым не сёння і не зараз, а ў перспектыве. Кепска па ўсіх пунктах: эканамічных, сацыяльных, псіхалагічных. Па-другое, гэтыя магчымасці могуць быць са знакам мінус. Мы будзем мець на сваёй тэрыторыі тое, што я не магу назваць нават войскам расійскім — гэты зброд, які будзе рабіць усё, што захоча. Ці будуць магчымасці, каб вызваліць краіну? Я лічу, што не. Хто гэта будзе рабіць? Большая частка тых, хто зараз расказвае пра тое, што гэта шанец, каб змяніць уладу, нават пальцам не паварушыць, каб гэта зрабіць. Хто будзе рабіць? Невядома. Але вядома, што будуць ахвяры, паламаныя лёсы. І не факт, што ўлада, якая прыйдзе на змену, будзе лепшая.

Палітолаг Павал Усаў кажа, што само па сабе акно магчымасцяў нічога не азначае.

 Яно было і раней, і ў 2020 годзе, але не было тых, хто быў гатовы ім скарыстацца, хто рыхтаваўся б да такога акна. Улада Лукашэнкі можа пачаць хістацца і заўтра, але пытанне, хто яе падбярэ. Сённяшняя апазіцыя чакае, што ўлада сама разваліцца, а Еўропа будзе раздаваць карты, а суб’ектам аўтаматычна стане Офіс ці Кабінет. Так не бывае. За ўладу трэба змагацца. Трэба мець рэсурсы, каб у межах хістання ўлады ўключыцца ў барацьбу. Такога рэсурсу, які мог бы забяспечыць мець сур’ёзныя магчымасці, у тым ліку збройныя, не існуе.

Вайна ніколі не заканчваецца так, як бы нам хацелася. Спрагназаваць, што яна прынясе для Беларусі, ніхто не можа. Лепш вайну не клікаць у дом. Бо адбудоўваць краіну будзе значна цяжэй, чым пераймаць яе такой, якой яна з’яўляецца цяпер, канстатуе Павал Усаў.

Поўная размова - у далучаным гукавым файле.

ав

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка