Нямецкі штотыднёвік Der Spiegel заклікаў урад Германіі зрабіць фінансавы жэст у бок польскіх ахвяр нацысцкіх злачынстваў часоў Другой сусветнай вайны. На думку аўтараў выдання, Берлін дагэтуль не выканаў свайго маральнага абавязку перад Польшчай, а зацягванне з рашэннем з'яўляецца не толькі этычнай, але і палітычнай памылкай. Пра гэта паведамляе польскі партал forsal.pl.
Аўтар каментара Ян Пуль падкрэслівае, што Германія фактычна не выплаціла значных кампенсацый польскім ахвярам акупацыі, хоць падчас вайны былі забітыя каля 6 млн грамадзян Польшчы — прыкладна шостая частка тагачаснага насельніцтва краіны.
Паводле публікацыі Der Spiegel, урад Польшчы пад кіраўніцтвам Дональда Туска прапануе не поўныя рэпарацыі, а гуманітарную дапамогу яшчэ жывым ахвярам нацысцкага тэрору. Размова ідзе пра штогадовую выплату ў памеры 10 тыс. злотых (каля 2330 еўра) кожнаму пацярпеламу. Аўтар называе гэтую суму сімвалічнай і адзначае, што яна не можа кампенсаваць перажытыя пакуты.
Пуль таксама звяртае ўвагу, што многія немцы мала ведаюць пра маштаб злачынстваў супраць палякаў, у тым ліку пра масавае знішчэнне польскай інтэлігенцыі. На яго думку, выплата дапамогі стала б важным сігналам прызнання гістарычнай адказнасці і ўмацавала б адносіны паміж дзвюма краінамі.
У артыкуле адзначаецца, што раней патрабаванні Польшчы аб рэпарацыях ацэньваліся ў 1,316 трлн еўра, аднак цяперашняя ініцыятыва мае перадусім гуманітарны характар.
Паводле ацэнак нямецкага выдання, у жывых засталося каля 50 тысяч польскіх ахвяр нацысцкага тэрору, а на рэалізацыю праграмы ў першы год Германіі спатрэбілася б каля 100 млн еўра. «За кожную ахвяру, якая сыдзе з жыцця, так і не атрымаўшы гэтага жэсту, Германіі павінна быць сорамна», — рэзюмуе аўтар.
эж