З 2020 года праз ізалятары і турмы Беларусі прайшлі дзясяткі тысяч чалавек, а больш за восем тысяч былі асуджаныя да пазбаўлення волі. Краіна ператварылася ў адзін з найбольш рэпрэсіўных рэжымаў у свеце.
У Польшчы свет пабачыла кніга «Архіпелаг Беларусь. Успаміны былых палітычных вязняў». У выданні сабраныя сведчанні былых беларускіх палітычных вязняў. Адкрывае кнігу артыкул Анджэя Пачобута, які з дакладнасцю дакументаліста тлумачыць, што ўяўляе сабой сучасная беларуская калонія. Астатнія сведчанні былі запісаныя і апрацаваныя па замове Цэнтра ўсходніх даследаванняў у 2025–2026 гадах.
Мэта выдання — зафіксаваць асноўныя рысы сучаснай рэпрэсіўнай сістэмы, створанай рэжымам Лукашэнкі. Гэтыя сведчанні паказваюць дзяржаву, дзе закон стаў дэкарацыяй, а судовая сістэма нагадвае славуты твор Франца Кафкі «Працэс». Следчыя і супрацоўнікі пенітэнцыярнай сістэмы сістэматычна здзекуюцца з палітычных вязняў, пазбаўленых элементарных правоў і вымушаных насіць жоўтыя меткі.
Адзін з аўтараў кнігі, беларускі журналіст, прадстаўнік польскай меншасці і былы палітычны вязень Анджэй Пачобут звярнуў увагу на кардынальную змену маштабу рэпрэсій пасля 2020 года:
— Высветліліся прапорцыі, якія вызначаюць дзеянне сістэмы. Справа ў тым, што рэпрэсій стала значна больш, чым тых «пернікаў», якія рэжым яшчэ нядаўна прапаноўваў грамадству. Гэта з аднаго боку. З іншага — значна ўзрасла роля Рады бяспекі ў дзяржаўнай сістэме. Калі ў 2013 годзе цэнтрам прыняцця рашэнняў была Адміністрацыя прэзідэнта, то цяпер, прынамсі паводле маіх назіранняў, ужо ў 2021 годзе Рада бяспекі стала значна больш уплывовым органам, чым Адміністрацыя прэзідэнта.
Дарэчы, спецслужбы, улічваючы, што цяпер яны вельмі жорстка і значна больш дакладна кантралююць лаяльнасць дзяржаўных чыноўнікаў, чым гэта было раней, таксама істотна ўзмацнілі свае пазіцыі. Іх роля ў сістэме яшчэ больш вырасла. Але гэты працэс пачаўся не пасля 2020 года. Ён стартаваў раней, а падзеі 2020 года толькі рэзка яго паскорылі.
Польская публіцыстка, шматгадовая дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая праводзіла інтэрв'ю з былымі беларускімі палітычнымі вязнямі для гэтай кнігі, перакананая: у бесчалавечным абыходжанні з палітвязнямі рэжым Лукашэнкі выкарыстаў досвед папярэдніх таталітарных сістэм, у тым ліку нацысцкай і сталінскай.
— На мяне ўсё гэта зрабіла вельмі моцнае ўражанне. Я зразумела, што гэта неабходна захаваць для гісторыі. Калі «Архіпелаг ГУЛАГ» стаў сведчаннем маштабу савецкага тэрору, то і сітуацыя ў Беларусі павінна быць зафіксавана. Бо Беларусь зайшла вельмі далёка — трэба прызнаць, што ў гэтай сферы рэжым дасягнуў надзвычай высокага ўзроўню, выкарыстаўшы ўсе магчымыя ўзоры і яшчэ больш удасканаліўшы іх, прыстасаваўшы да сучаснасці.
Ці можна параўноўваць гэта з Польскай Народнай Рэспублікай? Не. Найперш таму, што ўзровень рэпрэсій проста несувымерны. У ПНР людзей не асуджалі на 12 ці 20 гадоў пазбаўлення волі толькі за палітычныя перакананні. У ПНР не пераследвалі тых, хто дапамагаў палітвязням. Так, цяпер частку людзей вызвалілі, але не трэба забывацца, што многія з палітвязняў адбываюць дваццацігадовыя тэрміны. Дваццаць гадоў! Спадарыня Дзербыш, з якой я запісвала інтэрв'ю для кнігі, выйшла на волю цудам. Яна мая равесніца, нават крыху старэйшая, а атрымала прысуд — дваццаць гадоў. Здавалася, што жывой яна адтуль ужо не выйдзе.
Эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміл Клысіньскі назваў Аляксандра Лукашэнку дзяржаўным тэрарыстам і патлумачыў, чаму лічыць такую характарыстыку найбольш дакладнай:
— Мы маем справу з тэрарыстам, але не з чалавекам, які дзейнічае ад імя нейкай тэрарыстычнай групоўкі. Мы маем справу з чалавекам, які кіруе цэлай дзяржавай і выкарыстоўвае яе як інструмент тэрору. Ён не хоча, не можа і не здольны ісці на прынцыповыя палітычныя або сістэмныя саступкі. Адзінае, што ён часам робіць, — вызваляе асобных людзей.
Мне цяжка крытыкаваць перамовы, дзякуючы якім некаторыя з вас атрымалі свабоду. Гэта вельмі складаная сітуацыя. Але з палітычнага пункту гледжання, калі ў абмен на вызваленне людзей, якія і так павінны быць на волі, Лукашэнка атрымлівае істотныя саступкі, палітычную легітымізацыю, фінансавыя выгоды, а пасля зноў арыштоўвае новых людзей, такая мадэль выглядае контрпрадуктыўна. Гэта супярэчыць логіцы міжнароднай палітыкі, санкцый і палітыкі бяспекі.
Паказальна і тое, што амерыкана-беларускі дыялог цяпер фактычна спыніўся. Наступны раўнд перамоў павінен быў адбыцца ў траўні, але яго не адбылося. Скончыўся ўжо і чэрвень, а новых сустрэч па-ранейшаму не відаць. Адбылося тое, чаго мы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў у пэўнай ступені чакалі: амерыканскі бок пайшоў на занадта вялікія санкцыйныя саступкі, але беларускія ўлады не прадэманстравалі гатоўнасці рухацца далей. Не толькі таму, што абмежаваныя залежнасцю ад Расіі, але і таму, што самі гэтага не хочуць. Таму былі зроблены высновы, што працягваць дыялог у такім фармаце не мае вялікага сэнсу. Магчыма, цяпер шукаюцца іншыя сцэнары.
Мой галоўны вывад застаецца нязменным. Амаль дваццаць гадоў я вывучаю беларускую палітычную сістэму і самога Лукашэнку. І перакананы: пакуль ён жывы, дамовіцца з ім немагчыма. Гэты чалавек зайшоў занадта далёка ў сваіх унутраных і знешніх залежнасцях. Ён шмат чым абавязаны ўласным сілавікам, таму ніколі добраахвотна не аслабіць рэпрэсіўную сістэму. Для яго гэта было б небяспечна. Не менш ён залежыць і ад Расіі.
Мадэратар сустрэчы, журналіст выдання Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі адзначыў, што выданне кнігі «Архіпелаг Беларусь. Успаміны былых палітычных вязняў», як і іншыя ініцыятывы, скіраваныя на падтрымку беларусаў у іх барацьбе за свабоду і на прыцягненне міжнароднай увагі да сітуацыі ў Беларусі, з'яўляецца маральным абавязкам Польшчы як найбліжэйшага суседа Беларусі.
Слухайце аўдыё!
эж