У размове з Польскім радыё намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Станіслаў Взёнтэк выказаў меркаванне, што саміт НАТА ў Анкары можна назваць сапраўдным поспехам, а не пустым рытуалам.
— Гэта, несумненна, поспех.Хоць не было ніякіх надзвычайных падзей, але было некалькі вельмі важных дэкларацый, як для Польшчы, так і для НАТА ў цэлым, і для еўрапейскай сістэмы бяспекі. Самае галоўнае, што была прынята выніковая дэкларацыя, у якой гаворыцца, што артыкул 5 Вашынгтонскага дагавора — адзін за ўсіх, усе за аднаго, — застаецца ў сіле. НАТА — гэта аб'яднаныя намаганні, менавіта гэта найбольш цікавіла Расію, каб разбіць адзінства Альянсу, разбіць Еўрапейскі Саюз і спарадзіць як мага больш недаверу сярод саюзнікаў.
Як жа ацэньваць заявы прэзідэнта ЗША, які выказаў незадаволенасць некаторымі дзяржавамі-чальцамі напярэдадні сустрэчы?
— Але прагучала важная дэкларацыя, і ўсе маглі адчуць, што мы сапраўды з'яўляемся сілай, якая дэманструе сваё адзінства і магчымасці. Былі агучаныя вельмі канкрэтныя крокі, калі казаць пра інструменты, а менавіта фінансаванне. 5% выдаткаў на бяспеку і абарону засталіся і вызначаныя тэрміны для кожнай краіны НАТА для дасягнення гэтага ўзроўню. З дапамогай згаданых сродкаў мы павінны адбудаваць абаронную прамысловасць, павялічыць вытворчасць у Еўропе, і захаваць супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі. Велізарнае значэнне мае дэкларацыя, хоць і фармальна не зафіксаваная ў канчатковым дакуменце, аб тым, што Злучаныя Штаты прадаставяць Украіне ліцэнзіі на вытворчасць ракет Patriot.
Так, але былі і даволі скептычныя галасы, бо незразумела, што за гэтым абяцаннем стаіць. Вельмі тыпова для прэзідэнта ЗША нешта казаць, але трэба чакаць падрабязнасцяў.
— Безумоўна, кожнае рашэнне патрабуе дэталёвага разгляду, але дэкларацыя аб тым, што ракеты Patriot будуць вырабляцца не толькі ў ЗША, вельмі важная. Справа ў тым, што ўзровень вытворчасці ў ЗША не вельмі высокі. Гэта ад 600 да 1000 такіх ракет у год. Улічваючы колькасць ракет, запушчаных на Блізкім Усходзе, наяўная колькасць вычэрпваецца. Таму, калі мы зможам дасягнуць сітуацыі, калі Польшча будзе абслугоўваць гэтыя ракеты ў Еўропе, а Украіна зможа стаць іх вытворцам па ліцэнзіі ЗША, — гэта сапраўды адзін з прарыўных праектаў.
Падчас саміту НАТА ў Турцыі было прынята выразнае рашэнне, што ЗША і Еўропа дзеляцца абавязкамі ў абароне. Што гэта за падзел?
— Злучаныя Штаты бяруць на сябе большы кантроль над ядзернай абаронай Еўропы, а Еўропа павінна ўзяць на сябе цяжар класічнай абароны. І менавіта гэта мы робім, рэалізуючы праграму SAFE. Ёсць яшчэ элементы супрацьпаветранай і касмічнай абароны, гэта значыць абароны ў космасе. Гэтыя меры скіраваныя на ўмацаванне ўстойлівасці дзяржавы: ваенныя здольнасці, прамысловыя магчымасці, гатовасць грамадства і ўсёй сістэмы падрыхтоўкі кадраў што да разумення пагрозы і рэагавання на яе. Менавіта ў гэтым і заключаецца комплексны падыход.
Наколькі блізка Польшча да стварэння пастаяннай ваеннай базы ЗША на сваёй тэрыторыі? Прэзідэнт Наўроцкі ў Анкары падчас саміту сказаў, што коратка пагаварыў з прэзідэнтам Дональдам Трампам і ўсё выглядае вельмі добра, маўляў, мы выехалі на аўтамагістраль, і цяпер усё залежыць ад Міністэрства нацыянальнай абароны?
— Мы набліжаемся да такога рашэння, але не ведаем, колькі кіламетраў мае гэтая шаша. Я вельмі рады, што прэзідэнт, нават падчас кароткіх размоў і сустрэч з прэзідэнтам Трампам, падкрэслівае тое, што для нас важна, бо пастаянная прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы, як і ратацыйная, мае сваё значэнне і зʼяўляецца элементам стрымлівання.
Якая даўжыня згаданай шашы і калі можна чакаць, што даедзем да мэты?
— Перамовы ўсё яшчэ працягваюцца. Размова вядзецца пра аналіз, які павінен правесці Пентагон, што тычыцца амерыканскіх войскаў, якія зараз знаходзяцца ў Еўропе. На дадзены момант у сярэднім у Еўропе знаходзіцца прыблізна 37 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Але стратэгія бяспекі ЗША змянілася. Яна пераключае фокус інтарэсаў ЗША на Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. Еўропа вызначаецца як рэгіён, які мае свой уласны эканамічны патэнцыял, свае ўласныя магчымасці, і павінен узяць на сябе ўсё большую адказнасць за сваю бяспеку. Мы гэта і робім, рэалізуючы праграму SAFE. Да канца гэтага года амерыканцы зробяць аналіз, і тады будуць прынятыя выразныя рашэнні, якія амерыканскія войскі будуць працягваць сваё знаходжанне ў Еўропе, а якія будуць перабазаваныя, і куды. Польшча і краіны Балтыі знаходзяцца на Усходнім флангу НАТА, і амерыканскія войскі абавязкова павінны тут быць. ЗША прынялі рашэнне аб вяртанні ратацыйных сіл. Цяпер размова ідзе пра магчымыя дадатковыя 10-11 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў на пастаяннай аснове. Але, канчаткова, менавіта амерыканцы вырашаць, дзе яны застануцца, і якое месца будзе для іх найбольш аптымальным.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч