Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

МЗС Польшчы прыпыніла выплаты па праграме «Палонія і палякі за мяжой 2026» і прызначыла аўдыт

17.07.2026 08:49
Рашэнне прынята пасля журналісцкага расследавання, якое паставіла пад сумнеў законнасць выдзялення сродкаў аб’яднанню Polonia Connect.
МЗС Польшчыgov.pl

Міністэрства замежных спраў Польшчы часова прыпыніла выплаты па праграме «Палонія і палякі за мяжой 2026» пасля паведамленняў пра магчымыя парушэнні пры размеркаванні грантаў. Рашэнне прынята пасля журналісцкага расследавання, якое паставіла пад сумнеў законнасць выдзялення амаль 2 млн злотых новастворанаму аб’яднанню Polonia Connect. Пра гэта паведамляе выданне Wirtualna Polska.

Паводле расследавання, арганізацыя атрымала грант у памеры 1,95 млн злотых (450 тыс. еўра), хоць не мела неабходнага досведу супрацоўніцтва з польскай дыяспарай, які быў абавязковай умовай конкурсу. Пры гэтым менавіта ў дзень абвяшчэння конкурсу мясцовая арганізацыя з Любліна змяніла назву, статут і дадала да сваіх мэт падтрымку Палоніі.

Журналісты сцвярджаюць, што конкурсная камісія ведала пра адсутнасць патрэбнага досведу, аднак усё роўна высока ацаніла заяўку. У якасці пацверджання кваліфікацыі былі прадстаўленыя рэкамендацыйныя лісты, якія, паводле іх аўтараў, насамрэч не пацвярджалі рэалізацыю адпаведных праектаў.

У адказ на публікацыю на партале Wirtualna Polska МЗС паведаміла, што прыпыняе выплаты па ўсёй праграме да завяршэння праверкі. У ведамстве анансавалі ўсебаковы аўдыт конкурснай працэдуры, а ў выпадку пацверджання парушэнняў паабяцалі перадаць матэрыялы ў праваахоўныя органы.

Таксама ў міністэрстве заявілі, што ўжо рыхтуюць новую мадэль фінансавання праектаў для Палоніі, якая павінна забяспечыць больш высокія стандарты празрыстасці і эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў.

эж