Міністэрства замежных спраў Польшчы часова прыпыніла выплаты па праграме «Палонія і палякі за мяжой 2026» пасля паведамленняў пра магчымыя парушэнні пры размеркаванні грантаў. Рашэнне прынята пасля журналісцкага расследавання, якое паставіла пад сумнеў законнасць выдзялення амаль 2 млн злотых новастворанаму аб’яднанню Polonia Connect. Пра гэта паведамляе выданне Wirtualna Polska.
Паводле расследавання, арганізацыя атрымала грант у памеры 1,95 млн злотых (450 тыс. еўра), хоць не мела неабходнага досведу супрацоўніцтва з польскай дыяспарай, які быў абавязковай умовай конкурсу. Пры гэтым менавіта ў дзень абвяшчэння конкурсу мясцовая арганізацыя з Любліна змяніла назву, статут і дадала да сваіх мэт падтрымку Палоніі.
Журналісты сцвярджаюць, што конкурсная камісія ведала пра адсутнасць патрэбнага досведу, аднак усё роўна высока ацаніла заяўку. У якасці пацверджання кваліфікацыі былі прадстаўленыя рэкамендацыйныя лісты, якія, паводле іх аўтараў, насамрэч не пацвярджалі рэалізацыю адпаведных праектаў.
У адказ на публікацыю на партале Wirtualna Polska МЗС паведаміла, што прыпыняе выплаты па ўсёй праграме да завяршэння праверкі. У ведамстве анансавалі ўсебаковы аўдыт конкурснай працэдуры, а ў выпадку пацверджання парушэнняў паабяцалі перадаць матэрыялы ў праваахоўныя органы.
Таксама ў міністэрстве заявілі, што ўжо рыхтуюць новую мадэль фінансавання праектаў для Палоніі, якая павінна забяспечыць больш высокія стандарты празрыстасці і эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў.
эж