Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія правакуе Польшчу і НАТА

24.07.2026 12:26
Апошнія гады Крэмль спрабуе ладзіць у краінах Паўночнаатлантычнага альянсу акцыі сабатажу, пашырэння дэзінфармацыі ды гібрыдныя аперацыі, каб справакаваць унутраны крызіс, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».
Ілюстрацыйнае фотаREUTERS

На Захадзе не раз пісалі пра расійскія аперацыі, ідэя якіх палягае на тым, каб шырыць хаос у краінах НАТА. Гэта рабілася ў савецкія часы і з новай сілай робіцца цяпер.

Паводле выдання, Польшча стала для расійскіх спецслужбаў «лабараторыяй» для выпрабаванняў. Апошнім часам Крэмль імкнецца да вядзення аперацыі «на мяжы вайны». Выданне зазначае, што апошнія тыдні ажывіліся дзясяткі фальшывых профіляў у сацыяльных сетках, якія гадамі нічога не публікавалі, а цяпер пачалі раскручваць польска-украінскі канфлікт з мэтай спыніць падтрымку для Кіева.

Наступным крокам выданне лічыць аперацыі расійскіх служб з выкарыстаннем перахопленых украінскіх дронаў, каб нанесці ўдар па тэрыторыі Польшчы. Польскія ўлады ўжо заявілі, што гэта будзе расійская правакацыя.

Не спыняюцца спробы расійскіх службаў ладзіць акцыі сабатажу на тэрыторыі краін НАТА. Польская контрвыведка ABW паведаміла, што расце колькасць перахопленых агентаў, якіх расіяне вярбуюць праз сацыяльныя сеткі і камунікатары для арганізацыі пажараў на тэрыторыі заправак, гандлёвых цэнтраў ды абʼектаў энергетычнай інфраструктуры.

Выданне зазначае, што Масква гэта робіць, каб у Еўропе запанаваў сацыяльны хаос і спынілася дапамога Украіне.

юл