Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у інтэрв’ю «Financial Times», што ён «не ўпэўнены», ці дасць Украіне ліцэнзію на вытворчасць ракет «Patriot».
— Гэта вельмі ўнікальная зброя, і мы павінны быць крыху асцярожнымі, каму мы даём ліцэнзію, — сказаў Трамп у тэлефоннай размове з брытанскай газетай. Ён заявіў, што «не ўпэўнены», ці дазволіць Украіне вырабляць гэтыя ракеты. — Мы вывучаем гэтае пытанне, — дадаў палітык.
8 ліпеня 2026 года падчас саміту НАТА ў Анкары прэзідэнт ЗША абвясціў у размове з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, што Кіеў атрымае ліцэнзію на вытворчасць ракет «Patriot» ва Украіне.
У сваю чаргу ўкраінскі прэзідэнт заявіў у размове з «Axios», што Дональд Трамп пагадзіўся даць ліцэнзію на вытворчасць згаданых ракет падчас іхняй апошняй сустрэчы, якая адбылася ў аўторак.
— Кажучы проста, мы хочам спыніць вайну ва Украіне з Расіяй, — заявіў Трамп. — Я не шукаю ракет. Мы імкнемся да міру, — дадаў амерыканскі прэзідэнт у размове з «Financial Times».
Ён таксама абвясціў, што яго пасланцы Джарэд Кушнер і Стыў Віткоф у бліжэйшыя дні ўпершыню наведаюць Украіну.
Раней выданне «Financial Times» паведамляла, што візіт мае на мэце ажывіць дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на спыненне вайны.
Паводле «Радыё Свабода», візіт пасланцоў прэзідэнта ў Кіеў запланаваны на другую палову жніўня. Згодна з гэтымі паведамленнямі, чакаецца, што прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі прымуць удзел у мерапрыемствах з нагоды Дня незалежнасці Украіны, які выпадае на 24 жніўня.
PAP/аз