Польшча паскарае ўмацаванне ўсходняй мяжы, аднак частку абарончай інфраструктуры ўжо можна разгледзець на агульнадаступных спадарожнікавых мапах. Пра гэта паведамляе газета Dziennik Gazeta Prawna.
Паводле выдання, у межах праграмы «Усходні шчыт» вайскоўцы ўжо назапасілі матэрыялы, якіх дастаткова для ўмацавання 100 кіламетраў мяжы з Беларуссю і Расіяй. Да канца года гэты паказчык плануюць павялічыць да 200 кіламетраў. Як паведаміў прадстаўнік Генеральнага штаба Войска Польскага палкоўнік Марэк Пятшак, у 16 пунктах захоўвання штодня размяшчаюць каля 1000 бетонных супрацьтанкавых загарод, а да сярэдзіны кастрычніка іх колькасць павінна дасягнуць 300 тысяч. Пасля гэтага плануецца адкрыць яшчэ сем складаў.
Паводле польскіх вайскоўцаў, захоўванне загарод на складах у мірны час дазваляе не перашкаджаць працы эканомікі і жыццю мясцовых жыхароў, але пры неабходнасці можна хутка разгарнуць абарончыя рубяжы.
У той жа час французскі ваенны аналітык Клеман Малэн, вывучыўшы спадарожнікавыя здымкі, адзначыў, што ўмацаванні на мяжы з Калінінградскай вобласцю пакуль развітыя недастаткова, а многія аб'екты добра бачныя на адкрытых інтэрнэт-мапах.
Былы супрацоўнік польскай разведкі Роберт Хэда лічыць, што гэта спрашчае працу расійскіх спецслужбаў. Аднак генерал у адстаўцы Багуслаў Пацэк прытрымліваецца супрацьлеглай думкі: паводле яго, адкрытая бачнасць абарончых збудаванняў можа выконваць функцыю стрымлівання. Пры гэтым, адзначае Dziennik Gazeta Prawna, Расія ў гэтым годзе ўжо схавала на сваіх мапах 119 вайсковых аб'ектаў.
эж