Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Адзіны гарант суверэнітэту — свабодны народ». У Варшаве праходзіць Канферэнцыя «Новая Беларусь»

08.08.2026 18:02
Шэсць гадоў пасля пратэстаў беларуская апазіцыя шукае адказ: як ператварыць чаканне перамен у рэальную палітычную сілу?
Аўдыё
  • «Адзіны гарант суверэнітэту — свабодны народ». У Варшаве праходзіць Канферэнцыя «Новая Беларусь».
   , , 8  2026 .
Удзельнікі Канферэнцыі «Новай Беларусі», Варшава, 8 жніўня 2026 г.Фота: https://t.me/tsikhanouskaya

У Варшаве 8 жніўня пачалася канферэнцыя «Новая Беларусь», якая сабрала прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, экспертаў і міжнародных партнёраў. Удзельнікі абмяркоўваюць будучыню краіны, захаванне незалежнасці і тое, як дэмакратычныя сілы павінны дзейнічаць у выпадку новых палітычных магчымасцяў.

Выступаючы на адкрыцці, лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская вярнулася да падзеяў жніўня 2020 года. Яна прызналася, што шэсць гадоў таму выходзіла з дому, каб прагаласаваць, ужо рыхтуючыся да найгоршага: Сяргей Ціханоўскі быў у турме, многія сябры Аб’яднанага штабу таксама знаходзіліся пад ціскам, а ў яе самой не было гатовага плану і разумення, што будзе далей:

— У мяне тады не было плану, як у Віктара Бабарыкі, не было мужнасці, як у Мікалая Статкевіча, не было досведу, як у Алеся Бяляцкага і тым больш не было харызмы, як у Сяргея ці Паўла Севярынца. Часта мне нават не было з кім параіцца, і я збольшага проста рабіла тое, што мне падказвала інтуіцыя і маё сэрца, — сказала Ціханоўская.

Паводле яе, наступныя падзеі паказалі асаблівую здольнасць беларусаў аб’ядноўвацца і выжываць ва ўмовах рэпрэсій.

— У нас, беларусаў, ёсць суперсіла — выжываць у самых неспрыяльных умовах. Такая вось беларуская партызанская душа. Калі трэба — умеем схавацца. А калі надыходзіць момант — умеем паказаць сябе так, што здзіўляецца ўвесь свет. Я ўпэўненая, што калі з’явіцца новая магчымасць, мы пакажам сябе зноў, — заявіла палітык.

Святлана Ціханоўская лічыць, што за апошнія гады дэмакратычная супольнасць стала больш арганізаванай, а беларусы навучыліся салідарнасці, узаемадапамозе і стварэнню ўласных структур. Гэтая праца, паводле яе, ужо змяніла стаўленне свету да Беларусі.

— Дзякуючы гэтай працы сёння свет ведае дзве простыя рэчы: беларусы — гэта не рэжым, і Беларусь — гэта не Расія, — падкрэсліла яна.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі пагрозе страты беларускай дзяржаўнасці. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў галоўнай апорай незалежнасці не ўладныя інстытуты, а саміх грамадзян.

— Улада, апанаваная страхам і пазбаўленая бачання перспектывы, намагаецца захаваць сябе любым спосабам: здае дзяржаўны суверэнітэт Беларусі і бярэ ўдзел у ваенных злачынствах Крамля. Адзіны сапраўдны гарант беларускага суверэнітэту — свабодны беларускі народ. Ён ясна вызначыў свае каштоўнасці шэсць гадоў таму, і менавіта за ім павінна застацца канчатковае слова ў вызначэнні ладу і лёсу Беларусі, — заявіў Бяляцкі.

Праваабаронца падкрэсліў, што дэмакратычная Беларусь захоўвае міжнародную суб’ектнасць нават ва ўмовах рэпрэсій і расійскай агрэсіі супраць Украіны.

— У міжнароднай палітычнай прасторы дэмакратычная Беларусь мае суб’ектнасць. Вольны свет успрымае Святлану Ціханоўскую як легітымную пасланніцу той свабоднай еўрапейскай Беларусі, якая паказала сваё сапраўднае аблічча ў 2020 годзе. Нас чуюць, нягледзячы на цяжкія абставіны, асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта той здабытак, які мы мусім цаніць, — адзначыў праваабаронца.

Паводле Бяляцкага, нават турма не знішчыла ў ім адчування, што грамадства чакае перамен.

— Я не так даўно выйшаў з-за кратаў, дзе меў вельмі спецыфічнае кола кантактаў, але бачыў і адчуваў агульны настрой. Дух 2020 года не знік. Мільёны беларусаў чакаюць спрыяльных магчымасцяў для актыўнага ўдзелу ў пазітыўных зменах, — сказаў ён.

Бяляцкі таксама паўтарыў заклік да нацыянальнага дыялогу, агучаны ім у апошнім слове на судзе. Дзеля захавання незалежнасці і будучыні краіны да размовы, на яго думку, павінны далучыцца розныя пласты грамадства, у тым ліку прадстаўнікі цяперашняй улады, якія ўсведамляюць тупіковасць палітыкі рэжыму.

Аднак такі дыялог не можа грунтавацца на слабасці і саступках.

— Перамовы з уладамі магчымыя толькі тады, калі рэжым адчуе сілу апанента. Таму нельга дазваляць нас расколваць, — папярэдзіў нобелеўскі лаўрэат.

Былы банкір Віктар Бабарыка прапанаваў дэмакратычным сілам больш засяродзіцца на тым, як вярнуць страчаны ўплыў унутры Беларусі.

— Мая галоўная думка — не пра тое, як Украіна нам можа дапамагчы ці Еўропа нам можа дапамагчы. А якога ўплыву і якіх каштоўнасцяў дэмакратычныя сілы змаглі дасягнуць за шэсць гадоў, — заявіў палітык.

Пасол Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор адзначыў, што Кіеву важная менавіта дэмакратычная Беларусь як будучы партнёр. Паводле яго, развіццё беларускіх дэмакратычных структур можа мець значэнне не толькі для Беларусі, але і для рэгіянальнай бяспекі.

А лідар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў ужо цяпер рыхтавацца да магчымых пераменаў.

— Вокны магчымасцяў у сучасным свеце найчасцей адчыняюцца разам з ударнай хваляй — часам у іх літаральна ўлятаеш куляй. Таму давайце спытаем сябе: ці гатовыя мы, калі гэтае акно раптам расчыніцца ў найбліжэйшыя тыдні або месяцы? Імперыя, загнаная ў кут, можа кінуцца альбо на Украіну праз Беларусь, альбо на Еўропу. Але падчас такога кідка яна можа трэснуць — і тады ў Беларусі з’явіцца акно магчымасцяў.

Ці гатовыя мы ўзяць на сябе адказнасць за краіну? Тут ёсць некалькі ключавых напрамкаў: дыпламатыя, незалежныя медыя, бяспека, войска і падрыхтоўка кадраў. У дыпламатыі мы шмат чаго дасягнулі, беларускія медыя таксама здольныя выканаць сваю ролю. А вось бяспека застаецца галоўнай праблемай і тым напрамкам, у які трэба ўкладвацца ўжо цяпер.

Мы павінны быць гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь. Ніхто не ведае, калі адкрыецца гэтае акно, таму рыхтавацца трэба сёння. У 2020 годзе мы паказалі, што здольныя на многае. Значыць, верым, можам, пераможам. Жыве Беларусь!

Слухайце аўдыё!

эж

Марына Золатава: Нас затрымлівалі на наступны дзень пасля гадавіны смерці Юрыя Зісера

18.05.2026 12:30
Што адчувала Марына Золатава, калі да яе прыйшлі з вобшукам? Што здарылася, калі яна ўвайшла ў камеру на Валадарцы? 

Уладзь Лабковіч: Мы павінны быць маяком ў цемры для тых, хто застаецца ў Беларусі

02.06.2026 06:10
Што больш за ўсё ўразіла Уладзя Лабковіча ва Украіне? Пры якіх умовах можна будзе казаць пра адмену санкцый? Ці можа рэжым спыніць рэпрэсіі? Якія змены чакаюць беларускую выбарчую сістэму? — пра гэта і не толькі ў нашым эфіры.

Віктар Бабарыка: Тое, што адбылося пасля 2020 года, шчыльна прывязала Беларусь да Расіі

07.08.2026 09:00
Беларусь можа застацца незалежнай краінай або ўвогуле перастаць існаваць. Якую цану заплацілі беларусы ў 2020-тым? І ці лічыць Віктар Бабарыка сябе палітыкам сёння? Пра гэта і не толькі слухайце ў эфіры Беларускай службы Польскага радыё.