РЭДАКТАР: Добры дзень. У нашай студыі — былы прэм’ер-міністр Польшчы Ян Кшыштаф Бялецкі. У 1991 годзе Польшча, урад, які вы ўзначальвалі як прэм'ер-міністр, прызнаў незалежнасць Беларусі. Ці памятаеце вы той момант?
Ян Кшыштаф Бялецкі: Я добра памятаю гэты момант. Але яшчэ лепш памятаю час, калі мы накіравалі першага амбасадара ў Мінск. Таму што гэтым амбасадарам была прафесарка, якая выкладала беларускую мову ва ўніверсітэце (Варшаўскім універсітэце-рэд).
РЭДАКТАР: Спадарыня прафесар Эльжбета Смулкова.
Ян Кшыштаф Бялецкі: Дакладна. І калі я размаўляў са Станіславам Шушкевічам, ён сказаў, што няма чалавека, які б лепш гаварыў па-беларуску, чым польскі амбасадар. Гэта мяне вельмі ўзрадавала, бо дзякуючы гэтай прафесарцы мы засведчылі, што беларуская культура і сімпатыя да беларускага народа маюць сваё жывое адлюстраванне не толькі ў палітычных інтарэсах, але і ў зацікаўленасці польскіх навукоўцаў.
РЭДАКТАР: Якія тады былі надзеі на супрацоўніцтва з Беларуссю? Якія былі планы?
Ян Кшыштаф Бялецкі: Мне здаецца, што тады мы вельмі аптымістычна глядзелі на свет. Здавалася, што змены, якія адбываюцца ва Усходняй Еўропе, незваротныя і што яны дасягнуць нават Расіі. У той час у Расіі можна было сустрэць шмат маладых эканамістаў, якія мелі такія ж эканамічныя погляды, як і мы.
РЭДАКТАР: Якія былі чаканні і спадзяванні?
Ян Кшыштаф Бялецкі: Надзея была на тое, што дэмакратыя і рынак — дзве асноўныя каштоўнасці, як мы іх тады называлі, — стануць агульнапрынятымі ажно да Урала, а можа і далей. А Беларусь жа ўспрымалася як краіна, дзе гэтыя перамены будуць адбывацца ўзорна. Таму так шмат людзей з энтузіязмам узяліся за развіццё польска-беларускага супрацоўніцтва.
РЭДАКТАР: Спадар прэм’ер, як вы лічыце, што пайшло не так? Чаму Беларусь пайшла зусім іншым шляхам?
Ян Кшыштаф Бялецкі: Я думаю, што галоўная праблема ў тым, што для Расіі, для кожнага чарговага імператара, які сёння называе сябе прэзідэнтам — што, дарэчы, вельмі зманлівае азначэнне, — найважнейшай задачай застаецца аднаўленне Савецкага Саюза.
Ім няма чаго прапанаваць сваім людзям, акрамя адраджэння СССР і падкрэслівання таго, што старая добрая імперыя вяртаецца і зноў становіцца еўрапейскай магутнасцю, з якой уся Еўропа павінна лічыцца. Ніхто не думаў, што гэтая імперыя будзе так хутка адраджацца такімі бязлітаснымі сродкамі.
Ідэя стварэння новай Расіі паводле ўзору імперыі часоў Кацярыны ІІ — гэта галоўнае ў іхнім мысленні. Гэтыя людзі не спыняцца, пакуль не паспрабуюць аднавіць Савецкі Саюз.
Таму кожны народ, які мае такога праціўніка, павінен усведамляць сваю адказнасць і неабходнасць супраціву. Супраціўляцца лягчэй Польшчы, якая знаходзіцца пад парасонам НАТА, чым Беларусі. Таму беларускай апазіцыі так цяжка.
Я таксама памятаю, што мы заснавалі Прэмію Леха Валэнсы, якую фінансаваў банк Pekao S.A., дзе я тады працаваў. Адным з першых лаўрэатаў гэтай прэміі стаў Алесь Бяляцкі (2012 г. -рэд.), якога пазней прызналі і міжнародныя арганізацыі, што займаюцца абаронай правоў чалавека.
РЭДАКТАР: За тое, што Польшча прыняла так шмат палітычных эмігрантаў з Беларусі, беларусы, якія жывуць тут, якія не хочуць далей бачыць Лукашэнку ва ўладзе, вельмі ўдзячныя Польшчы. Праўда, цяпер узнікаюць пэўныя праблемы, звязаныя з атрыманнем права на жыхарства і іншымі пытаннямі. Але, як вы лічыце, што яшчэ можа зрабіць Польшча, каб мець стабільнага і добразычлівага суседа на сваёй усходняй мяжы ў выглядзе Беларусі? Ці можам мы зрабіць яшчэ больш?
Ян Кшыштаф Бялецкі: Заўсёды можна зрабіць больш і лепш. Найважнейшае — быць паслядоўнымі ў сваім мысленні. Любыя антыбеларускія або антыўкраінскія настроі ў Польшчы не толькі неразумныя, але і самазнішчальныя. Яны сведчаць пра адсутнасць здаровага сэнсу ў часткі нашых суайчыннікаў.
Што датычыцца дзяржаўнага ўзроўню, то, на маю думку, польская дзяржава робіць усё магчымае, улічваючы стан дзяржаўных фінансаў і неабходнасць вялікіх выдаткаў на абарону.
Сёння добра бачна, наколькі вялікая гэта нагрузка. У гэтыя дні ў Вялікабрытаніі ідзе дыскусія пра абаронныя выдаткі, і там кажуць, як цяжка павялічыць іх з 2 да 3 працэнтаў ВУП. Польшча ж павялічыла іх з менш чым 2 да 5 працэнтаў. Гэта каласальныя намаганні, якія нясуць на сваіх плячах нашы грамадзяне. Таму магчымасці Польшчы ў іншых сферах аб’ектыўна абмежаваныя.
РЭДАКТАР: Вялікі дзякуй Вам за размову і за візіт у нашую студыю.
Госцем нашага эфіру быў былы прэм'ер-міністр Ян Кшыштаф Бялецкі, пад кіраўніцтвам якога ўрад Польшчы прызнаў незалежанасць Беларусі ў 1991 г.
Размаўляла Яланта Смялоўская