21 жніўня 2025-га года актывіст сеў у Варшаве на самалёт да Стамбула, дзе меў «службовую сустрэчу». У Польшчу Анатоль Котаў не вярнуўся. Польская пракуратара на днях адмовіла пачынаць следства па справе знікнення беларускага дзеяча. Прычына — Котаў не быў грамадзянінам Польшчы і знік за межамі польскай тэрыторыі.
Выданне нагадвае, што Анатоль Котаў працаваў дыпламатам у лукашэнкаўскім МЗС, а пасля 2020-га года з’ехаў з Беларусі ды атрымаў у Польшчы палітычны прытулак. Котаў пачаў супрацоўнічаць з Паўлам Латушкам, які перакананы, што былы дыпламат стаў ахвярай аперацыі лукашэнкаўскіх спецслужб.
Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру высветлілі маршрут Котава ў Турцыі. Яны ўстанавілі, што апошнім месцам знаходжання апазіцыянера была яхта, дзе разам з ім знаходзіліся расіяне Пётр Грыб і Юры Галаванаў. Судна паплыло ў бок Абхазіі, дзе Котаў альбо сам сышоў на бераг, альбо яго схапілі супрацоўнікі расійскіх спецслужб. Журналісты таксама ўстанавілі, што прысутныя на яхце асобы, былі звязаныя з групай ветэранаў беларускіх спецслужб.
Цытуючы словы аднаго са знаёмых Котава, выданне заяўляе, што беларускага апазіцыянера ўжо можа не быць сярод жывых. Магчыма, гэта помста за яго ангажаванасць у збор дапамогі для беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
Выданне папярэджвае польскія ўлады, заклікаючы звяртаць увагу на дзейнасць беларускіх спецслужб, бо Польшча стала франтавой дзяржавай для рэжыму Лукашэнкі ды Крамля, а расійскія і беларускія службы вядуць тут агрэсіўныя аперацыі супраць палітычных уцекачоў.
юл