Як паведамляе польскі партал Forsal.pl, у Гомельскай вобласці будуецца новы вайсковы палігон, да якога плануецца пракласці асобную чыгуначную галіну. Яна дазволіць непасрэдна дастаўляць на аб’ект асабовы склад, ваенную тэхніку, боепрыпасы і матэрыяльныя рэсурсы з агульнай сеткі Беларускай чыгункі.
Пра будаўніцтва паведаміла незалежная арганізацыя «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», якая выступае супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ўдзелу Мінска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Паводле яе інфармацыі, новая чыгунка павінна істотна павялічыць лагістычныя магчымасці беларускіх узброеных сіл на ўкраінскім напрамку.
Новы палігон узводзіцца ў лясным масіве Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, непадалёк ад станцыі Якімаўка на лініі Калінкавічы—Гомель. Менавіта да гэтай чыгуначнай магістралі плануецца падключыць інфраструктуру, якая будзе весці непасрэдна на тэрыторыю новага вайсковага аб’екта.
Будаўніцтва чыгункі з’яўляецца трэцім этапам рэалізацыі праекта. Акрамя саміх рэек, плануецца стварэнне пагрузачна-разгрузачных пляцовак, сістэм электрычнай цэнтралізацыі, сувязі і асвятлення.
Згодна з праектнай дакументацыяй, новая інфраструктура будзе здольная абслугоўваць саставы да 60 вагонаў. Гэта значна пашырыць транспартныя магчымасці палігона. Па чыгунцы можна будзе перавозіць вайскоўцаў, узбраенне, баявую тэхніку, паліва, боепрыпасы, інжынернае абсталяванне і іншыя грузы, неабходныя для функцыянавання вайсковых падраздзяленняў.
У дакументах не ўказваецца, якія менавіта перавозкі плануецца ажыццяўляць. Аднак яшчэ ў 2023 годзе заказчыкам інжынерна-тапаграфічных работ была названа структура, адказная за будаўнічыя праекты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што ў чэрвені прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спасылаючыся на дадзеныя разведкі, паведамляў пра завяршэнне будаўніцтва дарожнай інфраструктуры і баз для захоўвання боепрыпасаў і паліва ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Цяпер з’яўляюцца новыя сведчанні таго, што Беларусь працягвае ўмацоўваць сваю ваенную лагістыку на гэтым напрамку.
яс