«Беларускія ўлады хацелі б, каб усе важныя дзеячы Саюза палякаў выехалі з краіны. Таму я хачу вярнуцца», — заявіў Анджэй Пачобут падчас сустрэчы з дыпламатамі, пра што паведамляе «Gazeta Wyborcza».
Паводле ягоных слоў, на працягу апошніх шасці гадоў сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі рэзка пагоршылася. Краіне засталося ледзьве «пяць хвілін» да таго моманту, калі яна стане таталітарнай. У гэтых умовах пяці хвілін змяшчаецца дзейнасць Саюза палякаў. СПБ выжыў, паколькі значная частка дзеячаў вырашыла застацца, нягледзячы на рэпрэсіі і затрыманні.
На думку Пачобута, беларускія палякі не баяцца рэпрэсій і пераследу. Яны не паддаліся, а ўладам прыйшлося змяніць сваё стаўленне да СПБ.
«Дзякуючы адвазе людзей, якія засталіся, СПБ далей дзейнічае. Таму я павінен туды паехаць. Гэтыя пяць хвілін, якія засталіся да таталітарызму, мы павінны пашырыць да шасці хвілін, а можа, да васьмі», — заявіў Анджэй Пачобут.
Выданне нагадвае, што дзеяч Саюза палякаў выйшаў з беларускай турмы зусім нядаўна, 28 красавіка, і адразу яго прымусілі выехаць з Беларусі. Беларускія ўлады выдалі яму пашпарт і абяцалі, што ён зможа вярнуцца.
У Польшчы самы вядомы беларускі паляк прайшоў абследаванне ў шпіталі адразу пасля вызвалення з беларускай турмы, дзе ён адбываў васьмігадовы прысуд быццам бы за ўсхваленне таталітарызму. З таго часу ён пастаянна падарожнічае па Польшчы. У нядзелю пабываў у Кракаве па запрашэнні мітрапаліта Гжэгажа Рыся. У панядзелак у Варшаве сустрэўся з пасламі краін Еўрапейскага Саюза і NАТO, якім расказаў пра становішча палякаў у Беларусі.
нг