Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія вывучае польскія парты і інфраструктуру на Балтыцы — OSW папярэджвае пра рост гібрыдных пагроз

04.09.2026 13:13
OSW звяртае ўвагу і на расійскіх маракоў, якія працуюць на суднах пад сцягамі іншых дзяржаў і могуць заходзіць у парты Еўрасаюза.
Візуалізацыя запланаванага кантэйнернага порта СвінавуйсцеFot. Mat.pras.

Партал Money.pl паведамляе, што польскія марскія парты ўсё часцей разглядаюцца не толькі як транспартныя вузлы, але і як ключавыя элементы бяспекі краіны. Паводле новага даклада польскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) «Устойлівая Балтыка», пасля 2022 года Балтыйскае мора стала адным з асноўных абшараў супрацьстаяння Расіі і краін НАТА.

Эксперты адзначаюць, што пакуль актыўнасць фіксуецца на ўзроўні ніжэйшым за парог адкрытага ваеннага канфлікту. У Балтыйскім моры павялічылася актыўнасць звязаных з Расіяй навуковых, рыбалоўных і гідраграфічных суднаў, якія могуць займацца картаграфаваннем марскога дна, трубаправодаў, энергетычных і тэлекамунікацыйных кабеляў. Адначасова пачасціліся выпадкі фатаграфавання партоў, тэрміналаў і прычалаў.

OSW звяртае ўвагу і на расійскіх маракоў, якія працуюць на суднах пад сцягамі іншых дзяржаў і могуць заходзіць у парты Еўрасаюза. Паводле ацэнкі нарвежскіх спецслужбаў, такая дзейнасць можа ствараць рызыкі шпіянажу, кібератак і дыверсій.

Асобнай праблемай застаюцца атакі на інфармацыйныя сістэмы партоў. Найчасцей гаворка ідзе пра DDoS-атакі, якія блакуюць працу сэрвісаў, і праграмы-вымагальнікі, здольныя зашыфраваць важныя файлы і спыніць партовыя аперацыі. Дадатковую пагрозу стварае расійскі «ценявы флот» — старыя, часта дрэнна застрахаваныя судны, якія выкарыстоўваюцца для абыходу заходніх санкцый.

Польшча ўжо ўзмацняе абарону. З 2025 года забаронена без дазволу фатаграфаваць і здымаць шэраг аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, у тым ліку парты Гданьска, Гдыні, Шчэціна і Свінауйсця. Над Гданьскім портам таксама дзейнічае зона абмежавання палётаў беспілотнікаў.

У OSW падкрэсліваюць: бяспека Балтыкі цяпер залежыць не толькі ад ваенных караблёў, але і ад абароны партоў, падводнай інфраструктуры, інфармацыйных сістэм і энергетычных маршрутаў.

эж

Камандзір брыгады НАТА ў Латвіі: Калі мы гаворым Расія, то маем на ўвазе і Беларусь

17.08.2026 16:30
Аб утоеных пагрозах у Латгаліі і аб польскіх «Леапардах» ля мяжы з РФ гаворым з канадскім палкоўнікам Дэвідам Брасарам.