Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Тлумачым сутнасць скандалу, які тыднямі не сыходзіць з галоўных старонак СМІ і вуснаў палітыкаў

09.09.2026 07:08
Скандал з біржай крыптавалют «Zondacrypto» спалучае ў сабе фінансавыя і палітычныя элементы. 
Аўдыё
  • Тлумачым сутнасць скандалу, які тыднямі не сыходзіць з галоўных старонак СМІ і вуснаў палітыкаў
Будынак Польскага алімпійскага камітэтаPAP/Leszek Szymański

«Zondacrypto» была адной з найбуйнейшых бірж крыптавалют у Польшчы. Гандаль імі нясе значную рызыку, і на працягу многіх гадоў рынак дрэнна рэгуляваўся дзяржавай.

Праблемы вакол «Zondacrypto» пачалі нарастаць у 2026 годзе. Кліенты платформы пачалі паведамляць пра цяжкасці з вывадам сваіх сродкаў. Неўзабаве з'явіліся падазрэнні, што кампанія можа сутыкнуцца з сурʼёзнымі фінансавымі праблемамі. Пракуратура пачала расследаванне магчымага махлярства і адмывання грошай. Паводле звестак следчых, страты кліентаў склалі не менш за 350 мільёнаў злотых, а канчатковая сума можа быць нават больш за два мільярды злотых.

Тысячы людзей страцілі доступ да сваіх сродкаў. Аднак самі фінансавыя праблемы — гэта толькі частка гісторыі.

Восенню 2025 года кампанія «Zondacrypto» стала генеральным спонсарам Польскага алімпійскага камітэта і польскай алімпійскай зборнай. Гэта было адно з найбуйнейшых спонсарскіх пагадненняў за апошнія гады.

Супрацоўніцтва не абмяжоўвалася рэкламай. Згодна з дакументамі, апублікаванымі пазней, «Zondacrypto» атрымала шырокія правы на выкарыстанне вобразу польскіх алімпійцаў. Кампаніі было дазволена выкарыстоўваць фатаграфіі, запісы і матэрыялы з удзелам спартсменаў у маркетынгавых мерапрыемствах практычна па ўсім свеце.

З-за фінансавых праблем біржа крыптавалют не змагла выплаціць алімпійцам ганарары, а справа апынулася на першых старонках СМІ. Менавіта сувязь старшыні камітэта Радаслава Пясевіча з платформай крыптавалют стала адным з найбольш кантраверсійных элементаў скандалу.

Паводле паведамленняў СМІ, старшыня падтрымліваў цесныя сувязі з кіраўніцтвам «Zondacrypto». З'явілася інфармацыя пра дарагія падарункі, якія Радаслаў Пясевіч нібыта атрымаў ад прадстаўнікоў кампаніі, у тым ліку раскошны гадзіннік коштам прыблізна 40 тысяч еўра. Пясевіч адмаўляе, што здзейсніў якія-небудзь парушэнні.

У гэтай справе шмат чаго трэба высветліць, гаворыць прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Яцэк Дабжынскі, і адзначае, што, сярод іншага, неабходна расследаваць справу выкарыстання знаёмстваў.

— Калі мы бачым, што нехта спасылаецца на знаёмасці, кажа, што ён размаўляў з прэм’ерам Маравецкім, са старшынём Упраўлення абароны спажыўца, то гэта выкарыстоўванне знаёмасці і ўплываў. А калі нехта прымае гадзіннік і не можа гэта патлумачыць, то гэта справа, якую трэба вельмі дакладна высветліць.

У канцы жніўня 2026 года старшыня Польскага алімпійскага камітэта быў затрыманы следчымі. Пракуратура абвінаваціла яго, сярод іншага, у выкарыстанні знаёмстваў і дзейнасці, звязанай з прывілеяваным вяртаннем сродкаў з платформы «Zondacrypto» ў той час, калі тысячы іншых кліентаў не маглі зняць свае сродкі. Радаслаў Пясевіч не прызнаў сябе вінаватым.

З часам з'явілася пытанне, ці спрабавалі прадстаўнікі «Zondacrypto» паўплываць на палітыкаў, якія займаюцца заканадаўствам аб крыптавалютах. Дэпутат парламента ад партыі «Права і справядлівасць» Міхал Москаль сустрэўся з генеральным дырэктарам «Zondacrypto» Пшэмыславам Кралем на Ібіцы ў жніўні 2025 года. Сама сустрэча не зʼяўляецца злачынствам, але цікавасць выклікаў той факт, што Москаль пазней уключыўся ў працу па рэгуляванні рынку крыптаактываў.

Справа стала настолькі палітычна сурʼёзнай, што лідар «ПіС» Яраслаў Качыньскі публічна заявіў, што не ведае пра паездку свайго паплечніка на Ібіцу і пра яго сустрэчу з генеральным дырэктарам. Пачата расследаванне ўнутры «ПіС».

Акрамя таго, СМІ апісвалі сувязі Пшэмыслава Краля з асобамі, звязанымі з правым палітычным лагерам. Расследаванне таксама закранула Фонд юстыцыі, які падчас кіравання ўрада «ПіС» кантраляваў міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра. «Zondacrypto» пералічыла сродкі ў фонд, а сам Зёбра некаторы час таму ўцёк з Польшчы.

Ёсць падазрэнні, што Пшэмыслаў Краль дапамагаў палітыку Марціну Раманоўскаму ў спробах атрымаць палітычны прытулак у Эміратах. Раманоўскі знаходзіцца ў вышуку і цяпер затрымаўся ў Прыднястроўі.

Для следчых і грамадскасці ключавое пытанне сёння не ў тым, ці сустракаліся палітыкі з прадстаўнікамі «Zondacrypto», бо гэта было пацверджана, а ў тым, ці паўплывалі гэтыя кантакты на рашэнні адносна закона, які рэгулюе рынак крыптавалют, або на дзеянні дзяржаўных устаноў.

Дарота Лабода з Грамадзянскай кааліцыі заявіла ў эфіры Polskie Radio 24, што палітыкі правых сіл спрыялі таму, што правілы, якія рэгулююць рынак крыптавалют, не ўступілі ў сілу.

— Мы ведаем, што фонды Збігнева Зёбры ці Пшэмыслава Віплера атрымлівалі сродкі ад Пшэмыслава Краля. Ведаем, што «Zondacrypto» было спонсарам імпрэзы CPAC, у якой падчас выбарчай кампаніі прымаў удзел Караль Наўроцкі. Я бы хацела ведаць, у якой ступені «Zondacrypto» дачакалася ўдзячнасці ад палітыкаў, якія не галасавалі ў Сейме. Потым было вета прэзідэнта на ўсе палажэнні, якія павінны былі рэгуляваць рынак.
Адной з найважнейшых фігур ва ўсім скандале зʼяўляецца старшыня праўлення «Zondacrypto» Пшэмыслаў Краль. Калі вясной 2026 года кліенты пачалі паведамляць пра масавыя праблемы са зняццем сродкаў, Краль публічна запэўніў, што сітуацыя часовая і звязаная з праблемамі ліквіднасці. Аднак з часам праблемы аказаліся значна больш сурʼёзнымі.

У цяперашні час Пшэмыслаў Краль зʼяўляецца адной з галоўных асоб, якія знаходзяцца пад следствам.
Паводле слоў віцэ-прэмʼера і міністра лічбавых спраў Кшыштафа Гаўкоўскага, Пшэмыслаў Краль можа шмат чаго расказаць, у тым ліку па пытанні фінансавання выбарчых кампаній.

— Якія нелегальныя дзеянні за часы праўлення «ПіС» рэалізавала дзяржава. Хто і каму, таксама ў іншых партыях, дапамагаў нелегальнымі грашыма, як грошы адмывалі. Ёсць шмат спраў, пра якія я хацеў бы пачуць.у Кралю прадʼяўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў маштабным махлярстве. Паведамляецца, што ён пачаў супрацоўнічаць з пракуратурай. Яго паказанні могуць мець вырашальнае значэнне не толькі для тлумачэння дзейнасці біржы крыптавалют, але і для высвятлення яе кантактаў са светам палітыкі, спорту і СМІ.

З 1 ліпеня Еўрапейскі Саюз увёў правілы, накіраваныя на ўрэгуляванне рынку крыптавалют. Аднак у Польшчы няма закона, які рэалізуе гэтыя правілы ЕС, бо на падрыхтаваныя ўрадам законапраекты прэзідэнт Караль Наўроцкі тройчы накладаў вета. Цяпер Канцылярыя прэзідэнта падрыхтавала ўласны законапраект, які перадала на разгляд у парламент.

ав

слухайце аўдыё