Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Варшава прапануе новыя элементы супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША

22.09.2026 15:08
Прэзідэнт і міністр замежных спраў Польшчы прыляцелі ў Нью-Ёрк з новымі прапановамі для Вашынгтона ў справе амерыканскай вайсковай і эканамічнай прысутнасці на польскай тэрыторыі.
Аўдыё
  • Прэзідэнт і міністр замежных спраў Польшчы прыляцелі ў Нью-Ёрк
      -    -
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі выступае на Польска-амерыканскім эканамічным саміце ў Нью-ЁркуPAP/Radek Pietruszka

Каля двухсот сусветных лідараў прыбылі ў Нью-Ёрк. 22-га верасня ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый пачалася сесія Генеральнай Асамблеі ААН, адкрыццём якой сталі агульныя дэбаты па важных пытаннях міжнароднай павесткі дня. Дзень пачаўся цырымоніі прывітання кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку з прамовы амерыканскага прэзідэнта, перадае з Нью-Ёрку карэспандэнтка Польскага радыё Агата Круль.

— Адным з першых выступоўцаў стаў гаспадар паседжання — Дональд Трамп. Гэта быў важны выступ, які закрануў геапалітычную сітуацыю ў свеце. Амерыканскі прэзідэнт згадаў расійскую агрэсію супраць Украіны, у яго запланавана сустрэча з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Для Трампа важнай тэмай стала справа мірных дамоўленасцяў у кантэксце вайны з Іранам. Польскі прэзідэнт будзе выступаць у сераду. У аўторак у яго адбыліся сустрэчы ў кантэксце ўдзелу Польшчы ў працы групы G-20.

Кіраўніцтва Польшчы выкарыстоўвае прысутнасць на сесіі ААН для паглыблення супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША. З новымі прапановамі выступіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падчас Польска-амерыканскага эканамічнага форуму.

— Варта стварыць у Польшчы рэгіянальны сэрвісны цэнтр амерыканскай вайсковай тэхнікі. Польшча на гэта абсалютна падрыхтаваная. Цяпер трэба, каб амерыканскі бок дадаў сэрвіс у сферу прамысловага супрацоўніцтва. Мы ўжо маем добры задзел тут, бо дзве апошнія дамовы тычыліся сэрвісу ды падрыхтоўкі кадраў, а не набыцця новай тэхнікі.

Польскі прэзідэнт таксама хоча пабудаваць новы тэрмінал для прыёму амерыканскага газу. Ён падкрэсліў, што Польшча можа стаць перавалачным цэнтрам для ўсяго рэгіёну.

— Таксама разам мы маглі б пабудаваць рэгіянальны газавы хаб, заснаваны на амерыканскіх пастаўках. Польшча ўжо сёння атрымлівае амерыканскі газ і частку прадае далей. Пашырэнне нашых тэрміналаў ЛНГ дазволіць задаволіць патрэбы ўсяго рэгіёну. Для амерыканскіх пастаўцоў гэта доступ да рынку нашмат большага, чым Польшча.

Прэзідэнт Польшчы таксама хоча ўзмацніць супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі ў распрацоўцы актыўных рэчываў для фармацэўтычнай прамысловасці і ў вытворчасці аўтамабіляў. У абедзвюх галінах Варшава бачыць у гэтым магчымасць знізіць залежнасць ад паставак з Кітая.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі зазначыў, што ўрад і прэзідэнт супрацоўнічаюць у пытанні пастаяннай амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы ды павелічэння колькасці амерыканскіх войскаў у Польшчы.

— Урад і прэзідэнт супрацоўнічаюць у гэтым пытанні. Прэзідэнт у кантакце з амерыканскім лідарам, а ўрад размаўляе з Пентагонам, каб фізічна і фінансава гэта стала магчымым.

Міністр замежных спраў Польшчы дадаў, што спадзяецца на нарошчванне падтрымкі Украіны з боку ЗША. Гэта зробіць Пуціна больш падатлівым на мір. Асабліва важна гэта цяпер, калі канфлікт паміж Украінай і Расіяй стварае праблемы на сусветных рынках збожжа.

— Толькі ў той момант, калі Пуцін палічыць, што не зможа перамагчы на вайне з-за высокіх коштаў, ён стане больш падатлівы на прапановы Украіны аб спыненні агню і пачатку мірных перамоў. Расія ды Украіна сёння найбольшыя экспарцёры збожжа ў свеце, якое цяпер не паступае на рынкі праз Чорнае мора. Розныя краіны, у тым ліку Кітай ды Індыя, ужо скардзяцца на рост коштаў.

Іншым важным пытаннем, якое сёння прагучала ў Нью-Ёрку, стала аднаўленне амерыканскай ваеннай прысутнасці ў Грэнландыі. Агенцтва Reuters паведаміла пра падпісанне адмысловай дамоўленасці. Эксперт па бяспецы Даньель Бацькоўскі адзначыў, што гэта дазволіць лепш кантраляваць дзейнасць Расіі ў Арктычным рэгіёне.

— Грэнландыя — гэта ключавы элемент Паўночнага шляху. Амерыканцы заўсёды мелі там базы, каб мець магчымасць кантраляваць і хутка рэагаваць на дзеянні Расійскай Федэрацыі. Становішча вострава мае стратэгічнае значэнне для бяспекі ЗША. Амерыканцы цяпер пачалі там пашыраць базы, магчыма, пабудуюць аэрапорт для стратэгічнай авіяцыі. Гэта вялізарны плюс.

Грэнландыя, Данія і ЗША падпісалі пагадненне аб умацаванні бяспекі ў Арктыцы і Паўночнай Атлантыцы падчас сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У сваю чаргу Францыя прапануе Вашынгтону дыпламатычныя рашэнні для вырашэння энергетычнага крызісу. Эмануэль Макрон абмеркаваў гэтае пытанне з Дональдам Трампам у Нью-Ёрку напярэдадні сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Юры Ліхтаровіч