За апошнія гады ў Расіі рэпрэсіі пачалі закранаць не толькі дэмакратычную апазіцыю ды іншадумацаў, але і частку кіроўных эліт, піша праект Re: Russia у дакладзе «Контрэлітныя рэпрэсіі: колькі чыноўнікаў і навошта саджаюць у Расіі ў ваенны час».
У даследаванні зазначаецца, што з пачатку 2023 года да сярэдзіны 2026 года фігурантамі крымінальных спраў сталі 10% ад агульнай колькасці мэраў буйных і сярэдніх гарадоў, 9% усіх прадстаўнікоў рэгіянальнага кіраўніцтва, прыкладна 8% кіраўнікоў нізавога ўзроўню і каля 3% намеснікаў міністраў і кіраўнікоў федэральных службаў.
Акрамя росту колькасці спраў у дачыненні да кіраўнікоў верхніх эшалонаў расійскай улады даследчыкі заўважылі, што з кожным годам расце роля апарата ФСБ: доля спраў, у якіх удзельнічае служба, павялічылася з 76% у 2018 годзе да 90% у 2025-м. На думку даследчыкаў гэтыя тэндэнцыі дазваляюць казаць пра фармаванне ў Расіі «ваеннага пуцінізму» і паўтарэнне «сталінскіх чыстак». З чым нязгодны палітолаг Павал Усаў.
— Не варта параўноўваць цяперашнюю сітуацыю са сталінскімі часамі. Для Крамля галоўнае — знізіць унутранае напружанне ды пачуццё несправядлівасці. Справа ў тым, што ў Расіі насельніцтву агульна жывецца кепска, а губернатары ды чыноўнікі за народны кошт шыкуюць. Менавіта таму ўлады імкнуцца час ад часу праводзіць ратацыі ды акцыі «публічнай справядлівасці». Дадаткова гэтаму спрыяе тое, што ў Расіі значная частка дзяржаўных сродкаў раскрадаецца. Арышты чыноўнікаў дазваляюць прадэманстраваць барацьбу з карупцыяй, без змены сістэмы. Карупцыя ў Расіі застаецца, а вайна стала яе новым прыкрыццём.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле