Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

BELPOL: Лукашэнка ператварае Беларусь у вайсковы хаб для Расіі

13.10.2026 16:15
Арганізацыя BELPOL заяўляе, што за апошнія гады ўзурпатар Лукашэнка шпарка мілітарызуе Беларусь пад расійскія вайсковыя патрэбы.
Аўдыё
BELPOL
BELPOL прэзентаваў аналітычны даклад «Мілітарызацыя Беларусі»Polskie radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

Ідзецца не толькі пра спрыянне цяперашняй агрэсіі супраць Украіны, але і пра магчымы канфлікт з Еўропай і НАТА.

13-га кастрычніка ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі BELPOL прэзентаваў аналітычны даклад «Мілітарызацыя Беларусі», у якім сцвярджае, што рэжым Лукашэнкі праводзіць палітыку мілітарызацыі краіны, у рамках якой дзейсныя дзяржаўныя інстытуты пастаўлены на службу расійскай стратэгіі вайны з Захадам. Гэтыя дзеянні ствараюць пагрозы для дзяржаў Балтыі, Польшчы, Украіны ды ўсёй Еўропы, перакананы Уладзімір Жыгар з BELPOL.

— Мілітарызацыя рэспублікі Беларусь пачалася з 2022 года. Яна складаецца адразу ж з некалькіх частак, гэта значыць, што ідзе мілітарызацыя беларускай эканомікі, то бок мадэрнізацыя, пераарыентаванне, узвядзенне новых вытворчасцяў, якія будуць вырабляць выключна зброю. Адбываецца мілітарызацыя беларускай інфармацыйнай прасторы, беларускіх дзяцей, вядзецца мілітарызацыя беларускага заканадаўства, унесеныя змены ў больш за 10 беларускіх розных законаў, і менавіта пад вайну, пад дзеянні падчас умоўнага ваеннага становішча. Ідзе мадэрнізацыя, узвядзенне ваеннай інфраструктуры, якая не патрэбная для дзяржавы, што не рыхтуецца да вайны. Гэта асноўныя моманты, да таго ж яны ў асноўным фінансуюцца Расійскай Федэрацыяй, альбо робяцца, як, напрыклад, у выпадку з заканадаўствам па прыкладзе Расіі.

Якая будуецца інфраструктура пад вайну?

— У нашым дакладзе мы дакладна паказалі, што, напрыклад, узводзяць палігоны, прычым палігоны з чыгуначнымі пад'ездамі, што абсалютна нетыпова для беларускіх палігонаў. Узводзяць, напрыклад, лагістычныя цэнтры, гэта значыць маскіруюць пад лагістычныя цэнтры склады для размяшчэння расейскай зброі, у тым ліку ракетных комплексаў, такіх як Ярс альбо Арэшнік. Узводзяць цэлую сетку рознага роду трэкінгавай сувязі, ДМР-сувязі, запускаюць новыя вытворчасці, якія накіраваныя выключна пад выраб узбраення. Узводзяць рознага кшталту антэны, якія таксама не патрэбны для дзяржавы, такой як Рэспубліка Беларусь. Усё гэта робіцца за расійскія грошы і з расійскім абсталяваннем.

Падчас прэзентацыі прагучала акрэсленне, што Беларусь стала «бяспечным хабам» для Пуціна. У чым канкрэтна Беларусь – хаб для Крамля?

— Усе прадпрыемствы, якія прама зараз робяць і ўзбраенне, боепрыпасы, рознага роду тэхніку і рознага роду там тыя ж самыя БПЛА, усё гэта робіцца ў Беларусі, і Украіна не наносіць па гэтых абʼектах удары, усё вырабляецца ідзе ў Расію і потым выкарыстоўваецца Расіяй ў вайне супраць Украіны.

Расійскія дроны, якія атакуюць Украіну вырабляюцца ў Беларусі?

У тым ліку, напрыклад, яшчэ ў 22-м годзе ў Расію былі пастаўлены беспілотнікі такія, як «Чыкан», і ў далейшым яны выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны. У тым жа самым Арэшніку, у розных роду іншых расейскіх крылатых балістычных ракетах выкарыстоўваецца велізарная колькасць мікрачыпаў і іншага рыштунку, вырабленага на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку прадпрыемствамі, як Планар, Інтэграл.

У дакладзе зазначаецца, што ў Беларусі будуецца вайсковая сувязь пад магчымае прасоўванне расійскіх войск з Усходу на Захад. Ці гэтая сувязь таксама можа выкарыстоўвацца для навядзення расійскіх беспілотнікаў для атак па Украіне?

— Па сутнасці, мы у дакладзе гэта і паказваем. Усе гэтыя вышкі стацыянарнай, або там радыёрэлейнай сувязі, гэта вышкі, якія былі пабудаваны за расійскія грошы, на якія ўстаноўлена рэтрансляцыйнае абсталяванне, якое потым, у далейшым, выкарыстоўваецца для навядзення, для каардынацыі, для падтрымання сувязі з расійскімі беспілотнікамі, якія або ляцяць праз тэрыторыю Беларусі, або ляцяць уздоўж. Спарва ў тым, што беспілотнікі такія, як там «Шахед», «Герань» або «Гербера» – аналагавыя, гэта значыць яны ляцяць па ўжо зададзенай праграме, любое ўздзеянне РЭП можа проста збіць іх і падаюць потым няправільна. Чым больш такіх вышак знаходзіцца ў кантакце з гэтым БПЛА, тым дакладней яны потым бʼюць.

Чым апісаная вамі мілітарызацыя можа завершыцца, да чаго прывесці?

— Мілітарызацыя Беларусі гэта падрыхтоўчы этап. Гэта працэс вельмі доўгі, энергазатратны, фінансавазатратны, але ў канчатковым выніку ён робіцца дзеля чагосьці. І вельмі часта людзі разважаюць нейкімі шаблонамі, нібыта толькі знаходжанне, альбо не знаходжанне на тэрыторыі Беларусі нейкіх узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі, абазначае, узрастае пагроза агрэсіі, альбо не ўзрастае. У цяперашняй вайне мы бачым, што ўжо адбываецца вайна дронаў і непасрэдна на тэрыторыі Беларусі прысутнасць 10-ці батальёнаў ці невялікае павелічэнне прысутнасці расійскага кантынгенту на тэрыторыі Беларусі не азначае, што пагрозы няма. Цяпер нават невялікая колькасць вайскоўцаў з улікам зноў-такі цяперашніх войнаў можа прывесці да агрэсіі, якая потым выліецца ў нешта большае.

Эксперт перакананы, што растучая мілітарызацыя Беларусі азначае, што расце пагроза для краін ЕС і НАТА з боку Расіі ды рэжыму Лукашэнкі, што можа прывесці да правакацый ці нават нечага большага.

Юры Ліхтаровіч