Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, Беларусь заўсёды будзе выкарыстоўвацца Расіяй для правакацый не толькі супраць Украіны, але і супраць ЕС. Усё гэта трэба данесці да партнёраў, бо ўсё яшчэ з'яўляецца прапанова даць Лукашэнку большае поле для манеўра, каб не дапусціць поўнай эскалацыі з боку Беларусі, гаворыць лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская ў размове з Польскім радыё.
— Усё гэта трэба данесці да нашых партнёраў, бо ўсё яшчэ ёсць наратыў, які прадугледжвае, што Лукашэнку трэба даць большае поле для манеўра, каб не дапусціць поўнай эскалацыі з боку Беларусі. Наша пазіцыя наступная: Лукашэнка гатовы прадаць суверэнітэт, незалежнасць, толькі каб дагадзіць Пуціну, бо Пуцін выратаваў яго ў 2020 годзе. Лукашэнка зарабляе грошы на крыві ўкраінцаў. То бок немагчыма аддзяліць Лукашэнку ад Пуціна. Давайце не будзем мець такіх ілюзіяў.
То бок Лукашэнка ўвогуле не з’яўляецца суб’ектам у пытаннях бяспекі і выкарыстання тэрыторыі Беларусі?
— Я думаю, што Лукашэнка мае суверэнітэт толькі ў сферы рэпрэсій, а ў пытаннях бяспекі не, тут ён служыць Пуціну.
Якой небяспекі з боку Беларусі можна спадзявацца ў дадзены момант?
— Мы павінны памятаць, што беларусы — супраць вайны. У большасці яны хочуць, каб перамагла Украіна, бо гэта дасць шанец на дэмакратызацыю Беларусі. Але Лукашэнка гатовы даць Пуціну нашу тэрыторыю, лагістыку для гібрыдных ці прамых атак. Жаўнеры, можа, і не будуць ісці ў Еўропу з нашай тэрыторыі, але цяпер вайна мае іншыя рысы. Гібрыдныя атакі, якія мы бачым — мігранты, шары над Літвой, дроны, якія падаюць у розных месцах, рэтранслятары — гэта ўсё адбываецца зараз. Гэта прапагандысцкія наратывы, якія палохаюць людзей у Еўропе. Гэта ўсё гібрыдныя атакі, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. То бок, Беларусь можа быць выкарыстана, пакуль там Лукашэнка, акрамя, на маю думку, не самі беларусы.
Што Вы прапануеце рабіць Еўропе ў дачыненні да Беларусі, каб схіліць яе стаць на бок дэмакратычнага свету, а не на бок Пуціна?
— Па-першае, мы павінны адрозніваць рэжым і людзей. Нават у рэжыме ёсць наменклатура, якая будзе працаваць і пры Лукашэнку, і пры дэмакратычнай уладзе. То бок, што тычыцца Лукашэнкі і яго людзей, то я ўпэўненая, што тут працуе толькі ціск. Дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І палітыка ізаляцыя, палітыка непрызнання, палітыка санкцый — гэта моцныя інструменты, якія ёсць у ЕС. Наменклатура і людзі павінны разумець, што на стале ёсць не толькі расійская прапанова, але і еўрапейская. Што прапануе Еўропа, калі Беларусь стане дэмакратычнай. Прапанова Еўропы павінна быць больш моцнай, чым прапанова Расіі. Таму мы просім нашых партнёраў, каб з аднаго боку яны ціснулі на рэжым, з іншага — падтрымлівалі беларусаў. Падтрымлівайце нашу нацыянальную ідэнтычнасць, якую зараз прадае Лукашэнка, разам з намі супраціўляйцеся русіфікацыі, падтрымлівайце нашы медыя. Большасць карыстальнікаў незалежных медыя — з Беларусі. То бок, беларусы цікавяцца тым, што адбываецца, хочуць зразумець пазіцыю Еўропы ў дачыненні да Беларусі. Інвестуйце ў беларусаў. У нас ёсць медыя, праваабарончыя арганізацыі, палітычныя структуры. Мы не просім Еўропу ваяваць за нас. Мы просім: дапамажыце нам. Ні адна вайна не можа быць выйграна, калі ты адзін на полі бою.
Ці Вы бачыце разуменне Вашых прапановаў, асабліва ў сітуацыі, калі ЗША пачалі адмяняць санкцыі?
— Я адчуваю разуменне, але каб яго ўмацоўваць трэба працаваць штодня. На жаль, Беларусь не першая ў парадку дня нашых замежных партнёраў. Мы тлумачым, што Беларусь — закладнік больш шырокага геапалітычнага кантэксту, мы не можам адкладаць беларускае пытанне на потым. Дзейнічаць трэба зараз. Калі мы адкладзем гэтае пытанне, не будзем патрабаваць выхаду Расіі з усёй сваёй зброяй з Беларусі, то потым будзе позна. Для нас прыярытэт — перамога Украіны, якая дасць магчымасць вярнуцца да актыўнай барацьбы. Беларусы павінны рабіць так, каб гэта разумелі не толькі ў палітычных структурах, але і ў грамадствах розных краін. Трэба выпрацаваць стратэгічны кірунак, як ставіцца да Беларусі. У рэжыму значна больш сродкаў, каб адстойваць свае інтарэсы у Еўропе, пераконваць еўрапейцаў размаўляць з ім. Я разумею, што палітыка ЗША цяпер адрозніваецца ад палітыкі ЕС. Мы вітаем вызваленне палітвязняў, гэта наш прыярытэт, але ж Еўропа павінна заставацца прынцыповай у сваёй палітыцы. Калі амерыканскія санкцыі дапамагаюць вызваляць людзей, то еўрапейскія павінны вызваліць усю краіну.
Дзякуем за размову.