Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Dziennik Gazeta Prawna: Расія цешыцца палітычным хаосам у Польшчы і падсілкоўвае ўнутраны канфлікт

02.11.2026 10:34
«РІА Новости» яшчэ ў пятніцу ўвечары назвала падзеі вакол Канстытуцыйнага суда «спробай дзяржаўнага перавароту». 
Аўдыё

Расія ўважліва сочыць за палітычным крызісам вакол Канстытуцыйнага суда Польшчы і выкарыстоўвае яго для прапагандысцкіх атак на Варшаву. У расійскіх дзяржаўных СМІ і заявах пракрамлёўскіх палітыкаў не хаваюць задавальнення з нагоды ўнутранага канфлікту ў краіне. Пра гэта паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Расійскае дзяржаўнае прапагандысцкае агенцтва «РІА Новости» яшчэ ў пятніцу ўвечары назвала падзеі вакол Канстытуцыйнага суда «спробай дзяржаўнага перавароту». Першы каментар на гэтую тэму выйшаў пад загалоўкам: «Польшча адкладае вайну з Расіяй. На парадку дня — грамадзянская вайна».

Расійская прапагандыстка Ірына Алксніс сцвярджала, што кіроўная кааліцыя нібыта рыхтуе імпічмент прэзідэнту Каралю Наўроцкаму, а для гэтага імкнецца ўзяць пад кантроль Канстытуцыйны суд. Яна таксама заявіла, што Еўракамісія выкарыстоўвае цяперашнюю напружанасць, каб узмацніць кантроль над Польшчай.

Да прапагандысцкай кампаніі далучыліся і прадстаўнікі расійскай улады. Кіраўнік Расійскага фонду прамых інвестыцый і перамоўнік з адміністрацыяй ЗША Кірыл Дзмітрыеў напісаў: «З Еўропай не ўсё добра: мігранты, распальванне вайны, беспарадкі і перавароты. Пакайцеся».

Былы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, у сваю чаргу, абвінаваціў атачэнне польскага прэм'ер-міністра Дональда Туска ў пераследзе кансерватараў з партыі «Права і справядлівасць» (ПіС), у тым ліку праз іх стаўленне да «бандэраўцаў».

Польскім канфліктам карыстаецца і афіцыйны Мінск. Выданне «Мінская праўда» прадстаўляе Польшчу як сімвал расколатай Еўропы, а прапагандыст Рыгор Азаронак параўноўвае цяперашнюю сітуацыю з травеньскім пераваротам 1926 года.

Былы палітвязень рэжыму Лукашэнкі, журналіст і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут папярэджвае, што Масква і Мінск зацікаўленыя ў паглыбленні расколу ў Польшчы.

— Іх інтарэс іншы — распальваць канфлікт. Чым больш мы сварымся, тым лепш для іх, — адзначыў Пачобут.

Паводле яго, задавальненне расійскай і беларускай прапаганды з нагоды польскага палітычнага крызісу было цалкам прадказальным.

эж