«Новая газета» была адным з нешматлікіх незалежных выданняў, якія яшчэ выдаваліся ў Расіі. На днях рэдакцыя напісала, што 9 лістапада спыняе працу на тэрыторыі РФ, зазначаючы, што газету знішчыла расійская дзяржава.
— Нас забілі. Газеты больш няма. Расейскія ўлады і расейскія спецслужбы прымусілі рэдакцыю спыніць працу, — напісалі журналісты.
Прычынай рашэння стала вераснёўскае абвяшчэнне «замежным агентам» усёй рэдакцыі, а гэта больш за сто чалавек: журналістаў і аўтараў.
Як газеце ўдалося амаль пяць гадоў праіснаваць ва ўмовах расійскай агрэсіі і тэрору спецслужбаў, і што сведчыць цяперашняе закрыццё пра сучасную Расію мы запыталіся ў палітолага Паўла Усава.
— Мне было дзіўна, што «Новая газета» яшчэ працавала пасля таго як былі зачыненыя іншыя незалежныя расійскія СМІ, нават такія больш лаяльныя да Крамля як «Эхо Москвы», праз якія часам «злівалася» унутраная інфармацыя. Магчыма гэта звязана з тым, што «Новая газета» была больш інтэлектуальным апазіцыйным выданнем. Улады некаторы час не звярталі вялікай увагі на дзейнасць газеты. Аднак разам з умацаваннем нэататалітарнага мілітарысцкага рэжыму ў Расіі, стала немагчымым, каб заставаліся нішы, якія б маглі аўтаномна функцыянаваць, нават, калі яны не нясуць непасрэднай пагрозы. Мы назіралі тое ж самае ў беларускім грамадстве, калі пасля падзей 2020-га году знішчаліся любыя грамадскія арганізацыі, якія не мелі непасрэднага дачынення да палітычных працэсаў, а займаліся культурай, беларускай мовай, дапамогай грамадзянам, тым жа жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту, ці дапамогай жывёлам. Любая праява іншадумства, нават калі не ўплывала на фундаментальныя грамадскія працэсы, успрымалася як варожая пазіцыя ды імгненна выклікала рэпрэсіўную рэакцыю ўладаў. Цяпер жа ў Расіі ўлады вырашылі зачыніць любыя каналы доступу да легальнай незалежнай інфармацыі — гэта рэакцыя на пагаршэнне эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле