У Польшчы рыхтуюцца да міжнародных вайсковых вучэнняў, на якіх адпрацуюць разгортванне і забеспячэнне сіл для магчымай міратворчай місіі ва Украіне пасля заканчэння вайны. У манеўрах возьмуць удзел каля пяці тысяч вайскоўцаў з прыкладна дзясятка краін.
Як паведамляе польскае выданне Forsal.pl, вучэнні пройдуць з 9 да 22 лістапада на палігоне ў Новай Дэмбе Падкарпацкага ваяводства.
У Польшчу прыбудуць каля 2800 замежных вайскоўцаў, у тым ліку з Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Бельгіі, краін Балтыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Швецыі і Турцыі.
Польскі бок задзейнічае каля дзвюх тысяч салдат. Іх галоўная задача — арганізаваць лагістыку: транспартаванне і разгрузку тэхнікі, забеспячэнне палівам, тэхнічную і медыцынскую дапамогу.
Замежныя падраздзяленні будуць трэніравацца ў перамяшчэнні войскаў і падтрымліваць іх баяздольнасць. Мэта — праверыць, ці змогуць саюзнікі сумесна разгарнуць і забяспечыць міжнародныя сілы для гарантавання бяспекі Украіны пасля спынення баявых дзеянняў.
Гэта першыя падобныя вучэнні «Кааліцыі ахвотных», створанай па ініцыятыве Вялікабрытаніі ў сакавіку 2025 года. Яна аб'ядноўвае 37 дзяржаў, якія падтрымліваюць Украіну і абмяркоўваюць механізмы пасляваенных гарантый бяспекі.
Французская газета Le Monde адзначае, што манеўры павінны прадэманстраваць Расіі ваенную гатоўнасць удзельнікаў кааліцыі.
Пры гэтым Варшава не змяніла сваёй пазіцыі: польскія вайскоўцы будуць забяспечваць аперацыю са сваёй тэрыторыі, але не ўдзельнічаць у магчымай міратворчай місіі непасрэдна ва Украіне.
эж