Германія пагражае заблакаваць новы сямігадовы бюджэт Еўрасаюза, калі ўсе краіны-члены не пагодзяцца разам фінансаваць Украіну. Пра гэта паведамляе Businessinsider са спасылкай на Financial Times.
Канцлер Фрыдрых Мерц заявіў, што Берлін падтрымае бюджэт ЕС на 2028–2034 гады, калі будзе дасягнута агульнаея дамоўленасць аб дапамозе Кіеву. Прычына — востры недахоп грошай. Паводле ацэнак, ужо ў наступным годзе Украіне будзе не хапаць 70 мільярдаў еўра. Еўрасаюз гатовы выдзеліць каля 45 мільярдаў. Неабходна вырашыць, як сабраць астатнія грошы і гарантаваць падтрымку ў наступныя гады.
Праблема ў тым, што не ўсе краіны гатовыя ўдзельнічаць у фінансаванні. Супраць далейшай дапамогі Украіне выступаюць Венгрыя, Славакія, Балгарыя і Чэхія.
Мерц патрабуе знайсці рашэнне, якое забяспечыць Кіеву стабільнае фінансаванне. Берлін таксама прапануе змяніць правілы галасавання: прымаць рашэнні аб дапамозе кваліфікаванай большасцю, каб адна краіна не магла іх блакаваць.
Польшча заяўляе пра намер працягваць палітычную, эканамічную, ваенную і гуманітарную падтрымку Украіны. Польскі ўрад таксама падтрымаў крэдыт ЕС на 90 мільярдаў еўра на 2026–2027 гады.
Паралельна ідуць перамовы пра новы бюджэт Еўрасаюза. Еўракамісія прапанавала Польшчы больш за 123 мільярды еўра. Гэта можа зрабіць краіну найбуйнейшым атрымальнікам сродкаў з бюджэту ЕС на 2028–2034 гады.
нг