У снежні 2025 года падведамасная «Расмоладзі» установа — Распатрыётцэнтр, які займаецца грамадзянска-патрыятычным выхаваннем дзяцей і моладзі ў Расіі, хваліўся тым, што атрымаў новую дырэктарку: вядучую, сцэнарыстку, і спявачку Алену Белікаву, якая раней працавала ў «Маладой гвардыі Адзінай Расіі». Яна атрымала вядомасць дзякуючы заявам пра неабходнасць духоўна-маральных скрэпаў і сумнеўнасць каштоўнасці свабоды.
Не прайшло і году, як стала вядома пра затрыманне Белікавай за крадзеж бюджэтных сродкаў у асабліва буйным памеры, выдзеленых на праекты Распатрыятцэнтра. Дарэчы, у лістападзе бягучага года адбыліся адразу два арышты ў сістэме «Расмоладзі». Спачатку пад хатні арышт трапіў намеснік кіраўніка агенцтва Ашыраў, а затым РБК паведаміў, што ФСБ затрымала Белікаву.
Гэта далёка не адзіныя прыклады ў спісе «патрыятычных злодзеяў. У снежні мінулага года па справе аб махлярстве на суму 1,6 млрд рублёў быў арыштаваны намеснік кіраўніка «Руху першых» Закіраў. Чаму ў Расіі патрыятызм часта ідзе ў пары з махлярствам, пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
— Гэта не выключэнне. Справа ў тым, што на гэтыя праграмы — патрыятычнае выхаванне, мілітарызацыю моладзі, з'езды, злёты — выдзяляюцца агромністыя грошы для рэалізацыі гэтых праграм. Варта сказаць, што праблемай карупцыі ў Расіі прасякнутыя ўсе структуры. Не толькі нейкія квазіпалітычныя, патрыятычныя. Карупцыяй прасякнутая праваслаўная царква, карупцыяй прасякнутае Міністэрства абароны. Дарэчы, на мінулым тыдні быў вынесены вырак — дзесяць гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці — былому намесніку міністра абароны Расіі Шайгу. Яго абвінавачвалі ў растратах і крадзяжы больш як 94 мільярдаў рублёў. Гэта на фоне вайны, на фоне таго, што Расія адчувае даволі сурʼёзныя страты асабовага складу, і з тэхніцы, мае праблемы з сацыяльнымі гарантыямі для тых, хто загінуў, для мадэрнізацыяй арміі. Тым не менш мы бачым, што з бюджэту ідуць проста варʼяцкія, калі так можна сказаць, сумы грошай, і яны не даходзяць да атрымальнікаў для рэалізацыі мэтавых праграм.
Летась Пуцін прыняў указ пра духоўна-маральныя скрэпы, у якім пералічаны 17 маральных арыенціраў, уключаючы служэнне Айчыне, высокія маральныя ідэалы, прыярытэт духоўнага над матэрыяльным. Гэта пярэчыць існуючай практыцы?
— Пуцін шмат такіх указаў папулісцкіх выдаў. Гэта так званыя ўказы для дурняў. Там даўно ўжо даволі відавочны падзел на кіроўную арыстакратыю і на быдла, якое павінна ўтрымліваць усё гэтае хамства і ўсю гэтую брыдкую сістэму, якая завецца Расійскай Федэрацыяй. Расіяне павінны аплачваць шалёныя ідэі Пуціна па вайне і аднаўленні «рускага свету». Канешне, каб кіраваць натоўпам, які нічога не атрымлівае ні ад вайны, ні ад палітыкі Пуціна, а яшчэ больш бяднее, трэба трымаць пэўны кантроль, трэба скормліваць нейкія ідэі, кантраляваць праз гэтыя ідэі. Менавіта ідэі вялікай Расіі, ідэі патрыятызму, ідэю таго, што Расію ўсе баяцца, ідэю мабілізацыі вакол сістэмы. Гэта класічныя інструменты кантролю, інструменты маніпуляцыі масамі.
Карупцыя ў Расіі стала сістэмным стрыжнем, адсутнасць ідэалогіі спрашчае раскраданне дзяржавы, кажа эксперт
— У Расіі былі паказныя прысуды ў дачыненні да карупцыянераў сярэдняга ўзроўню. Гэта спроба прадаць насельніцтву ідэю таго, што ўсё ж такі дзяржава справядлівая, што ёсць вось такія карупцыянеры, якія нішчаць эфектыўнасць эканомікі, з імі гэтая дзяржава змагаецца. Насамрэч карупцыя мае сістэмны характар. На сістэмным узроўні рэжым Пуціна, які будуецца менавіта на гэтых слупах, на гэтых механізмах, не ў стане і не будзе гэтым займацца, каб пераадолець карупцыю. Бо, па сутнасці, філасофія расійскіх эліт — гэта філасофія карупцыі. Вайна дапамагае яшчэ больш раскрадаць. У адрозненне ад 20-х, 40-х гадоў, цяпер нейкіх ідэалагічных абмежаванняў для абагачэння, для куплі нейкіх там люксавых машын, кватэр не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе, і ў Азіі няма. У савецкія часы можна было недзе пад падлогай трымаць залатыя зліткі, як калісьці гэта было ў сямʼі Брэжнева, але ўсё гэта хавалася. Купіць велізарны дом, дачу, машыну, куды-небудзь паехаць, тым больш купіць усё гэта за мяжой, у савецкія часы было немагчыма. Зараз ёсць шмат магчымасцяў і кірункаў, куды можна гэтыя грошы інвеставаць. Іх можна хаваць у швейцарскіх банках, адмываць і хаваць у Ліхтэнштэйне ці недзе ў афшорах, і на гэтыя грошы купляць маёмасць і ўтрымліваць дзяцей за мяжой. То бок мы бачым, наколькі гэтая карупцыя, схаваная з савецкіх часоў, трансфармавалася ў сістэмную дзяржаўную палітыку ў часы Пуціна. У Расіі людзі, якія прыходзяць да ўлады, не вераць у ідэі традыцыйных каштоўнасцяў. Яны іх выкарыстоўваюць выключна для ўласнага ўзбагачэння і раскрадання рэсурсаў краіны.
Юры Ліхтаровіч