Беларуская Служба

Суд стаў на бок мінчука, у кватэру якога уварваўся АМАП

24.07.2019 12:01
Суд задаволіў скаргу Дзмітрыя Серады і адправіў справу на дадатковую праверку.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

Суд Партызанскага раёна Мінска 23 ліпеня адмяніў пастанову следчага, які адмовіўся пачынаць крымінальную справу па скарзе мінчука Дзмітрыя Серады. Матэрыяла праверкі будуць накіраваныя начальніку упраўлення Следчага камітэта па Мінску для дадатковай праверкі, інфармуе „Еўрарадыё” са спасылкай на TUT.by.

Амаль тры гады таму, у жніўні 2016 года, доктар Дзмітрый Серада, яго жонка і трохгадовая дачка прачнуліся ад таго, што ў іх кватэру ўварваліся амапаўцы са зброяй — праз дзверы і акно.

Выявілася, што доктара падазравалі ў хуліганстве — напярэдадні ў міліцыю прыйшла заява, што ў парку бачылі эксгібіцыяніста. Аднак у дзень затрымання стала ясна, што падставаў для затрымання не было: у той дзень мужчына быў з сябрамі на рыбалцы за 80 км ад Мінска.

Тым не менш мужчына два дні сядзеў за кратамі пад вартай. Ніякіх прабачэнняў з боку міліцыі за незаконнае затрыманне ён не дачакаўся.

Пасля таго, як Сераду адпусцілі, ён стаў дамагацца кампенсацыі за несправядлівае затрыманне. Гэтае змаганне доктар працягвае ўжо трэці год, хаця яму адмовілі ўжо і ў пракуратуры, і ў Следчым камітэце.

"За тры гады сем разоў то пачыналі крымінальную справу па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, то адмаўлялі", — кажа Серада. Па яго словах, Генпракуратура заявіла, быццам супрацьпраўных дзеянняў міліцыі не ўстаноўлена.

Цяпер пацярпелы хоча, каб яго сям'і кампенсавалі матэрыяльную і маральную шкоду і публічна папрасілі прабачэння на сайце МУС. Матэрыяльную шкоду з улікам рамонту ў кватэры і грошай, выдаткаваных на лячэнне, ён ацэньвае прыкладза ў 2 тысячы рублёў. Суму маральнай шкоды мужчына пакуль не агучвае.

аз