За першыя 6 месяцаў 2019 года Беларусь экспартавала ў суседнія краіны 852 мільёны 943 тыс. кілават-гадзін электрычнай энергіі амаль на 44,31 мільёны долараў. Пра гэта сведчаць абноўленыя дадзеныя на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту, перадае "Свабода" са спасылкай на БелаПАН.
Для параўнання: за 2018 год у цэлым экспарт беларускай электраэнергіі складаў каля 1 мільярд 40,05 мільёнаў кВт·гадз на суму 54,63 мільёна долараў. Такім чынам, толькі за першае паўгоддзе 2019 года Беларусь экспартавала 82% ад агульнага леташняга аб’ёму замежных паставак электрычнасці.
Амаль увесь экспарт электраэнергіі прыходзіцца на Літву, у якую за паўгода Беларусь паставіла 843,753 мільёна кВт·гадз, ці 98,9% ад усёй экспартаванай электраэнергіі. Выручка ад экспарту ў Літву склала больш за 43,62 мільёна долараў.
Таксама Беларусь экспартавала электраэнэргію ў Латвію (8,623 млн кВт·гадз), Украіну (574 тыс. кВт·гадз).
Імпартавала электраэнэргію Беларусь толькі з Расеі. За паўгода паступіла 11,893 млн кВт·гадз расейскай электрычнасьці, якая абышлася краіне ў 521,2 тыс. даляраў.
На прэс-канфэрэнцыі 28 мая на Беларускай АЭС у Астраўцы намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што Беларусь мае патэнцыял для экспарту ў год больш за 2 млрд кіляват-гадзін электраэнэргіі, згенэраванай на ўласных магутнасьцях.
За мінулы год у краіне было згенэравана 38,79 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі.