У Беларусі з пачатку года 37 чалавек атруціліся грыбамі, паведаміў агенцтву БелТА урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гаранюк.
Паводле апошняй інфармацыі, з 1 студзеня ў краіне зарэгістравана 33 выпадкі атручвання грыбамі. Найбольш з іх адбылося ў Менску (12), у Гомельскай і Магілёўскай абласцях (па 7). У Берасцейскай зафіксавана 3 выпадкі, у Менскай – 2, Віцебскай і Гарадзенскай – па адным.
„Пацярпелі 37 чалавек, у тым ліку трое дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў”, – сказаў Юрый Гаранюк. Сярод прычын атручванняў спецыяліст назваў няведанне відавога складу грыбоў і ігнараванне правіл іх збору і апрацоўкі.
Каб пазбегнуць атручвання грыбамі, неабходна выконваць элементарныя правілы прафілактыкі: збіраць толькі вядомыя (існуюць даведнікі ядомых і атрутных грыбоў), не збіраць і не купляць на рынку перарослых, адрузлых, пашкоджаных лічынкамі і цвіллю грыбоў, не збіраць дары прыроды ўздоўж дарог, ніколі не купляць на рынку грыбных кансерваў, герметычна закрытых вечкамі ў хатніх умовах, а таксама сухіх грыбоў, грыбную ікру і розныя салаты з іх.
Паколькі гэта прадукт, які хутка псуецца, рэкамендуецца не адкладаць апрацоўку і нарыхтоўваць празапас толькі маладыя грыбы. Перад падрыхтоўкай іх трэба старанна мыць, а ваду пасля адварвання абавязкова зліваць.
аз